Читать «Сімъ побѣдиши» онлайн - страница 19

Алесь Пашкевіч

— Так, — зноў пагадзіўся Заяц і, узрушана варухнуўшы галавой, спытаў: — А чаму менавіта евангеліста Яна абралі сваім патронам афонскія кніжнікі?

— Бо якраз ён, — старэйшы Янкавіч нібыта чакаў гэтага пытання, і твар яго радасна змяніўся, — якраз ён, хоць і быў непісьменным, першым атрымаў дар духа Святога: абвясціў тое, чаму іншыя тры евангелісты спачатку не навучылі. Ён гаварыў пра ўцялесненне Слова: «І Слова стала плоццю».

— А чаму Яна называюць любімым вучнем Ісуса? — распытваў далей Заяц.

Старэйшы Янкавіч усміхнуўся:

— Цудныя дзеі твае, Госпадзе… Толькі не крыўдуйце, калі ласка… Я і прысніць не мог, што савецкі прафесар, хутчэй за ўсё камуніст, выявіць такую глыбокую цікавасць «опіумам народа», як называў рэлігію Маркс… У Госпада, дарагі дружа, усе дзеці з паствы ягонай любімыя. Сярод іх — і святы евангеліст Ян. Ён, калі хочаце ведаць, родзіч Хрысту… Яго пляменнік. Так! Іосіф меў ад першай жонкі сямёра дзяцей: чатырох хлопчыкаў і трох дзяўчынак: Марфу, Эсфір і Саламію. Саламія нарадзіла Яна. А затым Іосіф заручыўся з Марыяй, ад якой з Божай таямніцай і нарадзіўся Хрыстос. Да ўсяго, святы Ян, пра якога Вы спыталі, згадваецца ва ўсіх Евангеллях як адзін з самых набліжаных да Госпада апосталаў. На тайнай вячэры ён першы, прыхінуўшыся да грудзей Хрыста, спытаў: «Госпадзі, хто выдасць цябе?». А затым, пасля ўкрыжавання Ісуса, ён быў высланы царом Траянам за абвяшчэнне слова Гасподняга на выспу Патмас, дзе і прадыктаваў святое Дабравесце-Евангелле…

— Ну вось… — перад імі з’явілася чарнявая гаспадыня, а з ёй — пахкая цім’янам, лаўрам, біберам і ўсемагчымымі ўсходнімі зачынамі смажаніна. — Ой, забыла… — Прыгажуня мітнулася і выставіла на стол літровую бутлю каньяка мясцовай маркі «Рубін» — з выявай на ружова-фіялетавай этыкетцы ледзь не старадаўняй «Пагоні» — вершніка-віцязя на кані перад развалінамі ну рыхтык Наваградскага замка, толькі ў руцэ вершніка замест мяча — напоўнены кубак, ці чаша па-сербску…

— Прашу ў гонар нашага госця іспіты здравіцу! — закахана ўсміхнуўшыся жонцы, прапанаваў малодшы Янкавіч.

— Прабачце, гэта замнога… — паспрабаваў аднеквацца Заяц і адставіць напоўнены келіх, на што пачуў ад гаспадыні шчыра-гарэзнае:

— Ды што Вы, пасля гэтага нават за руль садзіцца можна!..

— Так-так! — далучыўся і старэйшы Янкавіч. — Садзіцца можна, толькі… не ехаць. Гэта я як кіроўца з вялікім стажам — і дарожным, і каньячным — сведчу.

Выпілі, смачна закусілі.

— Так-так… — старэйшы гаспадар зноў пасур’ёзнеў. — Вы не крыўдуйце, прафесар, калі што-кольвек з маіх расповедаў не да душы прыйшлося…

— Ды не… Чаго ж?

— Рознае, самі знаеце, і цяпер, і раней рабілася… — і праз напружаную паўзу: — Я Вам на развітанне адну прытчу-прыпавесць хачу нагадаць — пра вялікі стол, састаўлены з меншых. Удзельнікі застолля праз некалькі чарак перасталі чуць, а потым — і слухаць адзінага зазывалу. Дык вось: у кожнага стала павінен быць свой тамада. Чаго, відаць, урэшце прычакаюць і наша, і ваша дзяржавы… — Янкавіч колка-ўважліва зірнуў на госця — і зноў узняў келіх: — За тое і прапаную тост-здравіцу!..