Читать «Сімъ побѣдиши» онлайн - страница 18

Алесь Пашкевіч

— Прабачце, наколькі ведаю, Расія і раней не забывала пра югаслаўскія народы… Цар Павел Першы падараваў згаданаму мітрапаліту Пятру ордэн Святога Аляксандра Неўскага, і ў часы вайны з французамі дапамога была… — нібыта апраўдваючыся, згадаў Заяц.

— Так, хто ж аспрэчвае. «І раней не забывала…». Не буду пра недалёкае — пра спрэчкі Сталіна і Ціта. А тады, пры святым Пятры, русійскую імперыю напалеонаўскі петао… певень дзюбнуў! Вось і закруціліся. А ў той час святы Сінод Русійскай царквы прызнаў мітрапаліта Пятра гультаём, які ўчыніў «цяжкія грахі»: пры ім, маўляў, манастыры апусцелі і паства паменела. Нібыта не вайна тое зрабіла… А яшчэ — прысланыя з Русіі кнігі ён, маўляў, не чытаў і, ратуючы свой народ ад голаду, заклаў нейкія манастырскія багацці купцу з Бокі…

— Добар дан! Я бачу — у нас госці? — перад сталом з’явілася — прыйшла з працы — стройная загарэлая маладзіца. — Богдан! Тата!.. Ну што гэта за пачастунак? Пачакайце, я зараз прыгатую…

Пакуль штось апетытна смажылася і сквірчэла, малодшы гаспадар змяніў тэму гаворкі:

— Прафесар Заяц цікавіцца штампаваннем кніг… то бок друкам. Наогул, гісторыяй інкунабул. У прыватнасці, візантыйскім Евангеллем ад Яна.

— А, Еван’елле по Йовану?! — абудзіўся стары Янкавіч і, звёўшы выцвілыя бровы, спытаў: — А вы штось чулі пра брацтва янітаў?

— Не давялося…

— Яго стварылі пад патранажам візантыйскага патрыярха афонскія манахі. Іх мэтай было захаванне і распаўсюд Божага кніжнага слова. У наш час падобную місію выконваюць Гедэонавыя браты. Якраз яніты доўгі час і перахоўвалі згаданае Евангелле…

— А потым з пляменніцай Палеалога прывезлі ў Маскву, адкуль яно патрапіла на тэрыторыю Югаславіі? — не стрымаўся Заяц.

Вочы старэйшага Янкавіча звузіліся. Ён задуменна змуліў, нават прыкусіў тонкія вусны:

— Так, калі быць больш дакладным — сюды, у Чарнагору. — І стары, нібыта штось успомніўшы, перакінуўся на іншае: — Дык вось, архіярэі русійскага Сінода і абвінавачвалі мітрапаліта Пятра, што ён тое цудадзейнае Евангелле прадаў купцу з Бокі Каторскай. А калі атрыманыя сродкі пайшлі на ежу галодным дзецям?! Што можа быць важней здароўя душы хрысціянскай? Урэшце, мітрапаліт жа не прадаў сваю веру ці слова Божае…

— Ну так… — падтрымаў яго Заяц і нечакана перапытаў: — Дык усё ж ён прадаў тое Евангелле?

— Ды хто ж яго цяпер ведае? — праз насцярожную паўзу паціснуў плячыма старэйшы Янкавіч і працягнуў: — Не разумею я мітусні вакол той кнігі. Евангелле і Евангелле. Вунь іх цяпер колькі сучасным друкам размножана! І ўсе яны аднолькавую сілу маюць, бо праз аднаго Хрыста дадзеныя.