Читать «Сімъ побѣдиши» онлайн - страница 14

Алесь Пашкевіч

— У тыя часы яна была лекамі. Іртуццю ад сіфіліса лячыліся… — пагаварылі ў лабараторыі і зрабілі адпаведнае заключэнне, якое, як і ўсе матэрыялы працы эксгумацыйнай камісіі, засталося засакрэчаным…

Тое было ў 1963-м. І вось праз шэсць гадоў перад ім, ужо доктарам навук, зноў той жа выраз твара: як перакручаны ў пральнай машыне, перасушаны і папрасаваны. Без аніводнага мімічнага руху… Толькі твар ужо не загадчыка кафедры, а прарэктара па навуцы. І зрэнкі-масліны ўжо як выцвілі…

— Маем, Мікалай Сымонавіч, запрашэнне на міжнародную навуковую канферэнцыю. Тэма — блізкая Вашым штудыям. Вырашылі вось камандзіраваць за мяжу. Толькі ёсць адна акалічнасць… — прарэктар павярнуў галаву да мужчыны, які дагэтуль моўчкі сядзеў скрай стала і якога напачатку Заяц нават не заўважыў. — Пазнаёмцеся. Субачаў Віктар Аляксандравіч. Зрэшты, Вы з ім ужо знаёмыя… Ён дапаможа з некаторымі ўстаноўкамі. Ну а я, прабачце, мушу ісці. Залікі… прымаю. Жадаю поспехаў.

У тую ж хвілю Заяц пазнаў чалавека за сталом — «навукоўца ў штацкім»…

— Мікалай Сымонавіч, Вы даўно былі на моры? — інтрыгуюча пачаў Субачаў.

— Даўно. Яшчэ студэнтам у будатрадзе. На Чорным…

— А вось цяпер Адрыятыку пабачыце! — абрадавана працягнуў нечаканы суразмоўца. Паляціце ў Сацыялістычную Федэратыўную Рэспубліку Югаславія. У горад Падгорыца. Ёсць такі ў Чарнагорыі… — Субачаў паклаў рукі на стол і агледзеў пальцы. — Акрамя даклада і знаёмства з сусветнай гуманітарнай навукай просім Вас… Як бы гэта прасцей сказаць? — ён адхіліўся да спінкі крэсла і ўважліва паглядзеў на Зайца. — Словам, справа такая. Па інфармацыі нашых архівістаў, некалі ў Маскву з Канстанцінопаля ад візантыйскага імператара была прывезена і падорана частка старадаўняй бібліятэкі. Сярод іншага — інкунабула… рукапісная кніга Евангелля ад Яна. Унікальная гістарычная каштоўнасць. Маю на ўвазе не духоўная там… царкоўная… Сімвалічная каштоўнасць. Казалі, яна нейкую цудадзейную сілу мела… Дайшла інфармацыя, што яе Івану Жахліваму ў труну паклалі. Аднак — самі бачылі… Аказваецца, тую кнігу яшчэ пры жывым цары выкралі і хацелі пераправіць з Масквы на востраў Патмас, дзе нібыта апостал Ян і пісаў тое евангелле. Але не давезлі. Караван захапілі туркі, а кніга… — Субачаў мякка пастукаў пазногцямі па лакіраванай сталешніцы. — Кнігу тую выратавалі манахі і схавалі ў адным з чарнагорскіх манастыроў. Адшукаць яе след — Вашая асноўная задача.

Мабыць, у гэты час твар Зайца выявіў найрэдкае і неапісальнае здзіўленне, бо высокапастаўлены прадстаўнік КДБ ніякавата крактануў і ўсміхнуўся:

— Разумею, што нечакана… Але прычына ўсяго нашага мерапрыемства на паверхні: Візантыя канула ў Лету, а Масква стала другім Канстанцінопалем. — У ягоным голасе пачалі з’яўляцца металёвыя ноткі: — Гэта на іншым узроўні высвечвае нашую місію ў справе яднання некалі хрысціянскіх народаў. Дае, так сказаць, паўнамоцтвы на першынства ў славянскім свеце. Ідэалагічны, так сказаць, імператыў. А старадаўняя кніга, калі хочаце — своеасаблівая грамата на тое.