Читать «Сабачае сэрца» онлайн - страница 8
Міхаіл Булгакаў
Мякенькія дробныя званочкі ў гэты час сыпаліся па ўсёй кватэры, а здалёк з прыхожай час ад часу чуліся галасы. Звінеў тэлефон. Зіна знікла.
Піліп Піліпавіч кінуў недакурак папяросы ў вядро, зашпіліў халат, перад люстэркам на сцяне разгладзіў пушыстыя вусы і паклікаў сабаку:
— Фіць, фіць. Ну, нічога. Пайшлі сустракаць.
Сабака стаў на слабыя ногі, пахістаўся і падрыжаў, але хутка ачомаўся і пайшоў услед за белай палой Піліпа Піліпавіча, якая махалася ад хуткай хады. Зноў сабака прайшоў па вузкім калідоры, але цяпер угледзеў, што ён асветлены ярка зверху. Адчыніліся лакіраваныя дзверы, і ён зайшоў у кабінет Піліпа Піліпавіча, і той асляпіў сабаку сваім багаццем. Найперш ён увесь патанаў у святле: гарэла пад ляпной столлю, гарэла на стале, гарэла на сцяне, у шкле шафаў. Святло залівала безліч прадметаў, і самай цікавай аказалася вялізная сава, якая сядзела на галіне.
— Кладзіся, — загадаў Піліп Піліпавіч.
Супрацьлеглыя разныя дзверы адчыніліся, увайшоў той, пакусаны, які пры яркім святле аказаўся прыгожым, маладым, з вострай бародкай, падаў аркуш паперы і сказаў:
— Былы…
І адразу бясшумна знік, а Піліп Піліпавіч расхінуў полы халата, сеў за вялізны пісьмовы стол і адразу ж зрабіўся надзвычай важны і салідны.
«Не, гэта не лячэбніца, я некуды ў іншае месца трапіў, — спалохана падумаў сабака і прылёг на дывановы ўзор ля цяжкай скураной канапы, — а пра саву гэта мы высветлім…»
Дзверы мякка адчыніліся, і зайшоў нехта, які гэтак уразіў сабаку, што ён аж цяўкнуў, праўда, зусім нясмела…
— Маўчаць! Ба-ба, ды вас нельга і пазнаць, галубок.
Наведвальнік зноў з павагай і збянтэжана пакланіўся Піліпу Піліпавічу.
— Хі-хі! Вы маг і чараўнік, прафесар, — збянтэжана прамовіў ён.
— Здымайце штаны, галубок, — загадаў Піліп Піліпавіч і ўстаў.
«Госпадзі Ісусе, — падумаў сабака, — вось дык тып!»
На галаве ў тыпа раслі зусім зялёныя валасы, а на патыліцы яны адсвечвалі ржавым тытунёвым колерам, маршчыны распаўзліся па твары ў гэтага тыпа, але колер твару быў ружовы, як у хлопчыка. Левая нага не гнулася, яе даводзілася падцягваць, затое правая дрыгала, як у дзіцячага шчаўкунчыка. На лацкане цудоўнага пінжака, як вока, свяціўся каштоўны камень.
З-за цікаўнасці ў сабакі нават млоснасць прайшла.
Цяў, цяў — пацяўкаў ён злёгку.
— Маўчаць! Як са сном, галубок?
— Хэ-хэ! Мы адны, прафесар? Гэтага не апісаць, — збянтэжана загаварыў наведвальнік. — Пароль д'оннэр — 25 гадоў нічога падобнага, — суб'ект узяўся за гузік штаноў, — ці дасце веры, прафесар, кожную ноч голыя дзеўкі чародамі. Я зусім зачараваны. Вы — чараўнік.
— Хм, — заклапочана хмыкнуў Піліп Піліпавіч, прыгледзеўся да зрэнак госця.
Той нарэшце справіўся з гузікамі і зняў паласатыя штаны. Пад імі аказаліся нябачаныя ніколі падштанікі. Яны былі крэмавага колеру, з вышытымі на іх чорнымі шаўковымі кошкамі і пахлі духамі.
Сабака не вытрымаў і гаўкнуў гэтак, што суб'ект аж падскочыў.
— Ай!
— Я цябе адлупцую! Не бойцеся, ён не кусаецца.