Читать «Сабачае сэрца» онлайн - страница 9
Міхаіл Булгакаў
«Я не кусаюся?» — здзівіўся сабака.
З кішэні штаноў наведвальнік вытрас маленькі канверцік, на якім была прыгажуня з распушчанымі валасамі. Суб'ект падскочыў, нахіліўся, падабраў яе і густа пачырванеў.
— Вы, аднак, глядзіце, — папярэдзіў пахмура Піліп Піліпавіч, паківаў пальцам, — усё ж глядзіце, не злоўжывайце!
— Я не зло… — збянтэжана замармытаў суб'ект, працягваючы раздзявацца, — я, дарагі прафесар, толькі ў выглядзе вопыту.
— Ну і што ж? Як вынікі? — строга запытаўся Піліп Піліпавіч.
Суб'ект у экстазе махнуў рукой.
— 25 год, клянуся богам, прафесар, нічога падобнага. Мінулы раз у 1899 годзе, у Парыжы на ру дэ ла Пэ.
— А чаму вы пазелянелі?
Твар наведвальніка затуманіўся.
— Праклятая Жыркосць!* Вы не можаце ўявіць, што гэтыя абармоты падсунулі замест фарбы. Вы толькі зірніце, — мармытаў суб'ект і шукаў люстра. — Ім толькі ў морду даць! — люта дадаў ён. — Што ж мне цяпер рабіць, прафесар? — спытаў ён плаксіва.
— Хм, пагаліце голаў.
— Прафесар, ды яны ж зноў сівыя вырастуць, — жаласна ўсклікнуў наведвальнік. — Акрамя таго, мне на службу нельга будзе і носа паказаць, я і так ужо трэці дзень не езджу. Эх, прафесар, каб вы адкрылі сродак, як і валасы амалоджваць!
— Не ўсё адразу, не ўсё адразу, мой дарагі, — мармытаў Піліп Піліпавіч.
Ён нахіліўся і бліскучымі вачыма разглядаў жывот пацыента.
— Ну што ж — цудоўна, усё ў поўным парадку. Я нават не чакаў, калі сказаць праўду, гэтакага выніку. Многа крыві, многа песень… Адзявайцеся, галубок!
— «Я же той, что всех прелестней…» — дрыготкім, як гарох аб патэльню, голасам падмог спяваць пацыент і радасна пачаў адзявацца. Ён прыхарашыўся, падскокваў і распаўсюджваў пах духоў, адлічыў Піліпу Піліпавічу пачак белых грошай і пяшчотна паціскаў яму абедзве рукі.
— Два тыдні можна не паказвацца, — сказаў Піліп Піліпавіч, — але ўсё ж прашу вас: будзьце асцярожны.
— Прафесар! — ужо з-за дзвярэй у экстазе ўсклікнуў голас, — будзьце зусім спакойны, — ён памаўзліва хіхікнуў і знік.
Дробны званок праляцеў па кватэры, лакіраваныя дзверы адчыніліся, увайшоў пакусаны, уручыў Піліпу Піліпавічу лісток і нагадаў:
— Гады пазначаны няправільна. Відаць, 54–55. Тоны ў сэрцы глухаватыя.
Ён знік і змяніўся шапаткой паняй у зухавата заломленай набок шляпцы і з зіхатлівым калье на вялай і пажаванай шыі. Страшныя чорныя мяшкі віселі ў яе пад вачыма, а шчокі былі лялечна-румянага колеру. Яна моцна хвалявалася.
— Пані! Колькі вам год? — даволі сурова спытаў у яе Піліп Піліпавіч.
Пані спалохалася і нават пабялела пад скарынкай румян.
— Я, прафесар, клянуся, каб вы толькі ведалі, якая ў мяне драма!..
— Колькі вам гадоў, пані? — яшчэ больш сурова паўтарыў Піліп Піліпавіч.
— Чэснае слова… Ну, сорак пяць…
— Пані, — закрычаў Піліп Піліпавіч, — мяне чакаюць. Не затрымлівайце, калі ласка. Вы ж не адна!
Грудзі дамы бурна падымаліся.
— Я вам аднаму як свяцілу навукі. Але клянуся — гэта такі жах…
— Колькі вам год? — злосна і віскліва спытаў Піліп Піліпавіч, і акуляры яго бліснулі.
— Пяцьдзесят адзін! — курчачыся ад страху, адказала пані.