Читать «Сабачае сэрца» онлайн - страница 10
Міхаіл Булгакаў
— Здымайце штаны, пані, — з палёгкаю сказаў Піліп Піліпавіч і паказаў на высокі белы эшафот у куце.
— Клянуся, прафесар, — мармытала пані, дрыжачымі пальцамі расшпільваючы нейкія зашпількі на паясніцы, — гэты Морыс… Я вам прызнаюся як на споведзі…
— «Ад Севільі да Грэнады…» — абыякава заспяваў Піліп Піліпавіч і націснуў на педаль у мармуровым умывальніку. Зашумела вада.
— Клянуся госпадам! — гаварыла пані, і жывыя плямы скрозь намазаныя прадзіраліся ў яе на шчоках, — я ведаю — гэта мая апошняя страсць. Гэта ж нягоднік! О прафесар! Ён картачны шулер, пра гэта ўся Масква ведае. Ён не праміне ніводнай паршывай мадзісткі. Ён д'ябальскі малады. — Пані мармытала і выкінула з-пад шапаткіх спадніц скамечаны карункавы камяк.
Сабака зусім замаркоціўся, і ўсё ў галаве ў яго паляцела дагары нагамі.
«Ну вас да д'ябла, — цьмяна падумаў ён, паклаў голаў на лапы і задрамаў ад сораму, — нават старацца не буду нічога зразумець, што гэта за штука — усё роўна не зразумею».
Ачнуўся ён ад звону і ўбачыў, што Піліп Піліпавіч кінуў у міску нейкія бліскучыя трубкі.
Плямістая пані прыціскала рукі да грудзей і з надзеяй глядзела на Піліпа Піліпавіча. Той важна насупіўся, сеў да стала, нешта запісаў.
— Я вам, пані, пастаўлю яечнікі малпы, — аб'явіў ён і паглядзеў строга.
— Ах, прафесар, няўжо малпы?
— Так, — непахісна адказаў Піліп Піліпавіч.
— Калі ж аперацыя? — пабялела і слабым голасам спытала пані.
— «Ад Севільі да Грэнады…» Гм… у панядзелак. Ляжаце ў клініку зранку. Мой асістэнт падрыхтуе вас.
— Ах, я не хачу ў клініку. Ці нельга ў вас, прафесар?
— Ці бачыце, дома я раблю аперацыі толькі ў выключных выпадках. Гэта будзе каштаваць надта дорага — 50 чырвонцаў.
— Я згодна, прафесар!
Потым цурчала вада, калыхалася шляпка з пер'ем, потым з'явілася лысая, як талерка, галава і абняла Піліпа Піліпавіча. Сабака драмаў, млоснасць прайшла, сабака радаваўся, што перастаў балець бок і што цёпла, нават захроп быў і ўгледзеў кавалачак прыемнага сну: быццам ён выдраў у савы цэлы пук пер'я з хваста… потым усхваляваны голас цяўкнуў над галавой:
— Я надта вядомы ў Маскве, прафесар. Што ж мне рабіць?
— Панства, — абурана крычаў Піліп Піліпавіч, — нельга ж так! Трэба стрымліваць сябе. Колькі ёй гадоў?
— Чатырнаццаць, прафесар… Вы разумееце, пагалоска загубіць мяне. На днях я павінен атрымаць замежную камандзіроўку.
— Ды я не юрыст, галубок… Ну, пачакайце два гады і жаніцеся з ёй.
— Жанаты я, прафесар.
— Ах, панства, панства!
Дзверы адчыняліся, змяняліся твары, грукалі інструменты ў шафе, і Піліп Піліпавіч працаваў нястомна.
«Пахабная кватэрка, — думаў сабака, — але ж як добра! Ну на якога д'ябла я спатрэбіўся яму? Няўжо ж пакіне жыць? Вось дзівак! Ды яму ж толькі брывом паварушыць, і меў бы гэтакага сабаку, што толькі ахнеш! А можа, і я прыгожы. Відаць, маё шчасце! А сава гэтая дрэнь… Нахабная».
Канчаткова сабака ачухаўся позна вечарам, калі перасталі званіць званочкі і дзверы ўпусцілі асаблівых наведвальнікаў. Іх было адразу чацвёра. Усе маладыя людзі і апрануты даволі сціпла.