Читать «Сабачае сэрца» онлайн - страница 12

Міхаіл Булгакаў

— Выбачайце, — сказаў чацвёрты, падобны на дужага жука.

— Выбачай, — перабіў яго Швондзер, — вось наконт сталоўкі і аглядальні мы і прыйшлі пагаварыць. Агульны сход просіць вас добраахвотна, у парадку працоўнай дысцыпліны, адмовіцца ад сталоўкі. Сталовак ні ў кога ў Маскве няма.

— Нават у Айседоры Дункан, — звонка крыкнула жанчына.

З Піліпам Піліпавічам нешта здарылася, пасля чаго ягоны твар пяшчотна наліўся чырванню, і ён не вымавіў і гуку, чакаў, што ж будзе далей.

— І ад аглядальні таксама, — працягваў Швондзер, — яе спакойна можна аб'яднаць з кабінетам.

— Угу, — нейкім дзіўным голасам сказаў Піліп Піліпавіч, — а дзе ж мне есці?

— У спальні, — хорам адказалі ўсе чацвёра.

Чырвань Піліпа Піліпавіча набыла шараватае адценне.

— У спальні есці, — загаварыў ён злёгку здушаным голасам, — у аглядальні чытаць, у прыёмным пакоі апранацца, аперыраваць у пакоі ў прыслугі, а ў сталоўцы аглядаць. Магчыма, што Айседора Дункан гэтак і робіць. Можа, яна ў кабінеце абедае, а трусоў рэжа ў ванне. Магчыма. Але я не Айседора Дункан! — раптоўна рыкнуў ён, і барвовасць яго стала жоўтага колеру. — Я буду абедаць у сталоўцы, аперыраваць у аперацыйнай! Перадайце гэта агульнаму сходу, і літасціва прашу вас заняцца сваімі справамі, а мне даць магчымасць есці там, дзе ядуць усе нармальныя людзі, гэта значыць у сталоўцы, а не ў прыхожай альбо ў дзіцячым пакоі.

— Тады, прафесар, улічваючы ваша ўпартае процідзеянне, — сказаў усхваляваны Швондзер, — мы пададзім на вас скаргу ў вышэйшыя інстанцыі.

— Ага, — прамовіў Піліп Піліпавіч, — гэтак, — і голас яго зрабіўся падазрона прыветным, — адну хвілінку папрашу вас пачакаць.

«Во гэта мужык, — з захапленнем думаў сабака, — увесь у мяне. Эх, і цімане ён іх зараз, эх, цімане. Не ведаю яшчэ як, але цапне… Бі іх! Гэтага цыбатага хватануць зараз вышэй халявы бота за падкаленнае сухажылле… р-р-р…»

Піліп Піліпавіч грукнуў, зняў тэлефонную трубку і сказаў у яе вось што:

— Калі ласка… ага… дзякуй вам… Пятра Аляксандравіча папрасіце, калі ласка. Прафесар Праабражэнскі. Пётр Аляксандравіч? Вельмі рады, што застаў вас. Дзякуй вам, здаровы. Пётр Аляксандравіч, ваша аперацыя адмяняецца. Што? Зусім адмяняецца. Гэтак, як і ўсе астатнія аперацыі. А вось чаму: я перастаю працаваць у Маскве і наогул у Расеі… Зараз да мяне прыйшло чацвёра, з іх адна жанчына, пераапранутая ў мужчыну, і двое з рэвальверамі, і тэрарызуюць мяне ў кватэры з мэтай адабраць яе.

— Дазвольце, прафесар, — пачаў Швондзер і змяніўся з твару.

— Выбачайце… У мяне няма магчымасці паўтарыць усё, што яны гаварылі. Я не люблю паўтараць глупства. Дастаткова сказаць, што яны прапанавалі адмовіцца мне ад мае аглядальні, а інакш сказаць, прымушаюць мяне аперыраваць вас там, дзе я да гэтага часу рэзаў трусоў. У гэтакіх умовах я не тое што не магу, але і не маю права працаваць. Таму я спыняю дзейнасць, замыкаю кватэру і пераязджаю ў Сочы. Ключы магу перадаць Швондзеру. Няхай ён і аперыруе.

Чацвёра аслупянелі. Снег раставаў у іх на ботах.