Читать «Ручнік з пеўнямі» онлайн - страница 4

Міхаіл Булгакаў

У сумоце, у вечаровым сутонні я прайшоўся па кабінеце. Калі параўняўся з лямпаю, убачыў, як у бяскрайнім цямноцці палёў мільганула маё бледнае аблічча поруч з агеньчыкам лямпы ў акне.

«Я падобны на Лжэдзмітрыя», — раптам недарэчна падумаў я і зноў усеўся за стол.

Гадзіны дзве ў самоце я мучыў сябе і дамучыў да таго, што ўжо больш мае нервы не вытрымлівалі натвораных мною страхаў. Тут я пачаў супакойвацца і нават строіць некаторыя планы.

Ну так-с… Прыём, яны кажуць, цяпер невялікі. Па сёлах труць лён, бездараж… «Вось тут табе кілу і прывязуць, — бабухнуў суровы голас у мазгах, — бо ў бездараж чалавек з насмаркам не паедзе, а кілу прыцягнуць, будзь пэўны, дарагі калега-доктар».

Голас быў не такі дурны, ці не праўда? Я скалануўся.

«Маўчы, — сказаў я голасу, — неабавязкова кіла. Дый што за неўрастэнія? Узяўся за гуж, не кажы, што не дуж».

«Назваўся грыбком, лезь у сявеньку», — яхідна абазваўся голас.

Што ж… з даведнікам я расставацца не буду… Калі што выпісаць, можна, пакуль мыеш рукі, абдумаць. Даведнік ляжацьме разгорнуты проста на кнізе запісвання хворых. Буду выпісваць карысныя, але няцяжкія рэцэпты. Ну, напрыклад, натрый саліцыліці — 0,5, па адным парашку тры разы на дзень…

«Соду можна выпісаць!» — яўна здзекуючыся, абазваўся мой унутраны субяседнік.

Пры чым тут сода? Я і іпекакуану выпішу інфузум… на 180. Або на дзвесце… Хвіліначку…

І тут жа, хоць ніхто і не патрабаваў ад мяне цяпер на адзіноце з лямпаю іпекакуаны, я маладушна перагарнуў рэцэптурны даведнік, праверыў іпекакуану, а заадно прачытаў машынальна і пра тое, што існуе на свеце нейкі «інсіпін». Ён не што іншае, як «сульфат эфіру хініндыгліколевай кіслаты»… Аказваецца, смаку хініну не мае! Але навошта ён? І як яго выпісаць? Ён што — парашок? Чорт на яго!

«Інсіпін інсіпінам, а як жа ўсё-такі з кілою будзе?» — упарта прыставаў страх у выглядзе голасу.

«У ванну пасаджу, — азвярэла абараняўся я, — у ванну. І паспрабую ўправіць».

«Зашчэмленая, мой ты анёл! Якія тут, к чортавай мацеры, ванны! Зашчэмленая, — шайтанскім голасам спяваў страх. — Рэзаць трэба…»

Тут я здаўся і траха не заплакаў. І мальбу ў цемнату за акно паслаў: усё, што хочаш, толькі не зашчэмленую кілу.

А стомленасць напявала:

«Лажыся ты спаць, няшчасны эскулап! Выспішся, а ўранні будзе відаць. Супакойся, юны неўрастэнік. Глядзі: у цямноцці за вокнамі спакой, спяць акалелыя палі, няма ніякай кілы. А ўранні будзе відаць. Асвойтаешся… Спі… Палажы атлас… Усё роўна нічагутка цяпер не разбярэш. Абкальцаваная кіла…»

Як ён уляцеў, я нават не ўцямлю. Памятаю, клямка ў дзвярах бразнула, Аксеня нешта піснула. Ды яшчэ за вокнамі рыпнулі калёсы.

Ён без шапкі, у расплікнутым кажусе, са злямчанаю бародкаю, з шалёнымі вачыма.

Ён перахрысціўся, і ўпаў на калені, і бухнуўся лбом у дол.

«Я прапаў», — у роспачы падумаў я.

— Што вы, што вы, што вы! — замармытаў я і пацягнуў за шэры рукаў.