Читать «Ручнік з пеўнямі» онлайн - страница 3
Міхаіл Булгакаў
— Гм, — вельмі шматзначна прамармытаў я, — у вас інструментарый найсамалепшы. Гм…
— А як жа-с, — соладка пагадзіўся Дзям'ян Лукіч, — гэта ўсё з клопату вашага папярэдніка Леапольда Леапольдавіча. Ён жа з раніцы да вечара рабіў аперацыі.
Тут я абліўся халодным потам і паныла паглядзеў на блішчастыя, як з люстэрка зробленыя, шафкі.
Пасля гэтага мы абышлі пустыя палаты, і я пераканаўся, што ў іх смела можа размясціцца сорак чалавек.
— У Леапольда Леапольдавіча часам і па пяцьдзесят ляжала, — усцешыў мяне Дзям'ян Лукіч, а Ганна Мікалаеўна, жанчына ў кароне пасівелых валасоў, чамусьці сказала:
— Вы, доктар, такі маладжавы, такі маладжавы… Проста дзіва: вы на студэнта падобны.
«Чорт на цябе, — падумаў я, — як згаварыліся. Хоць ты прападзі!»
І прабурчаў праз зубы, суха:
— Гм… не, я… вядома, я… ну, але, маладжавы…
Пасля гэтага мы спусціліся ў аптэку, і адразу я ўбачыў, што ў ёй не было толькі птушынага малака. У цемнаватых двух пакоях моцна пахла зёлкамі, і на паліцах стаяла ўсё што хочаш. Былі нават патэнтаваныя замежныя лекі, і ці трэба дадаваць, што я ніколі нічога не чуў пра іх.
— Леапольд Леапольдавіч выпісаў, — з гордасцю далажыла Пелагея Іванаўна.
«Проста геніяльны чалавек быў гэты Леапольд», — падумаў я і напоўніўся павагаю да таямнічага Леапольда, які пакінуў ціхае Мур'ева.
Чалавеку апроч агню трэба яшчэ асвойтацца. Певень быў даўно мною з'едзены, сяннік для мяне набіты Ягорычам, накрыты прасціною; гарэла лямпа ў кабінеце ў маёй рэзідэнцыі. Я сядзеў і, як зачараваны, глядзеў на трэцяе дасягненне легендарнага Леапольда: шафа была бітком набіта кнігамі. Адных дапаможнікаў па хірургіі на расейскай і нямецкай мовах я налічыў бегла каля трыццаці тамоў. А тэрапія! Наскурныя самалепшыя атласы!
Насоўваўся вечар, і я асвойтваўся.
«Я ні ў чым не вінаваты, — думаў я ўпарта і пакутліва, — у мяне ёсць дыплом, я маю пятнаццаць пяцёрак. Я ж перасцерагаў яшчэ ў тым вялікім горадзе, што хачу ісці другім доктарам. Не. Яны ўсміхаліся і гаварылі: „Асвойтаецеся“. Вось табе і „асвойтаецеся“. А калі кілу прывязуць? Растлумачце, як я з ёю асвойтаюся? І асабліва як будзе пачуваць сябе хворы з кілою ў мяне пад рукамі? Асвойтаецца ён на тым свеце (тут у мяне холад па пазванку…).
А загноены апендыцыт? Га! А дыфтэрыйны круп у вясковых дзяцей? Калі трахеатомія паказана? Ды і без трахеатоміі будзе мне не вельмі соладка… А… а… роды? Роды ж забыў? Няправільнае ляжанне! Што ж я буду рабіць? А? Які я легкадумны чалавек! Трэба было адмовіцца ад гэтага ўчастка. Трэба было. Дасталі б сабе якога-небудзь Леапольда».