Читать «Ручнік з пеўнямі» онлайн - страница 2

Міхаіл Булгакаў

Чамадан нарэшце паддаўся. Вазак налёг на яго жыватом і выпхнуў проста на мяне. Я хацеў схапіць яго за рэмень, але рука адмовілася служыць, і распухлы, знелюбелы мой спадарожнік з кніжкамі і розным барахлом пляснуўся проста на траву, жахнуўшы мяне па нагах.

— Эх ты, пано… — пачаў быў вазак спалохана, але я ніякіх прэтэнзій не падаў: ногі ў мяне былі ўсё роўна хоць выкінь іх.

— Гэй, хто тут? Гэй! — закрычаў вазак і залопаў рукамі, як певень крыламі. — Гэй, доктара прывёз!

Тут у цёмных вокнах фельчарскага дамка паказаліся твары, прыліплі да шыб; бразнулі дзверы, і вось я ўбачыў, як зачыкільгаў па траве да мяне чалавек у старэнькім палітэчку і ў ботах. Ён пачціва і ўслужліва зняў шапку, падбегшы на два крокі да мяне, чамусьці ўсміхнуўся сарамліва і хрыплівым галаском павітаў мяне:

— Добрага здароўя, пане доктар.

— Хто вы такі? — папытаўся я.

— Ягорыч я, — назваўся чалавек, — вартаўнік тутэйшы. Мы ж вас чакаем, чакаем…

І тут жа ён ухапіўся за чамадан, ускінуў яго на плячо і панёс. Я закульгаў за ім, дарэмна сілячыся засунуць руку ў кішэню штаноў, каб дастаць партманет.

Чалавеку, па сутнасці, вельмі мала трэба. І перш за ўсё яму трэба агонь. Адпраўляючыся ў мар'еўскую глушэчу, я, памятаю, яшчэ ў Маскве даў сабе зарок трымаць сябе салідна. Мой малады выгляд на першым часе атручваў мне ўсё маё існаванне. Кожнаму даводзілася называцца:

— Доктар такі і такі.

І кожны абавязкова паднімаў бровы і пытаўся:

— Ды няўжо? А я думаў, што вы яшчэ студэнт.

— Не, я скончыў, — паныла адказваў я і думаў: «Акуляры мне трэба завесці, вось што». Але акуляраў заводзіць не было патрэбы: вочы ў мяне былі здаровыя, і яснасць іхняя яшчэ не была азмрочана жыццёвай спрактыкаванасцю. Не маючы магчымасці абараняцца ад бясконца паблажлівых і ласкавых усмешак з дапамогаю акуляраў, я стараўся выпрацаваць асаблівую, такую, што надае павагі, завядзёнку. Гаварыць стараўся павольна і важка, не рабіць, па магчымасці, рэзкіх рухаў, не бегаць, як бегаюць людзі ў дваццаць тры гады, скончыўшы ўніверсітэт, а хадзіць. Атрымлівалася ўсё гэта, як цяпер я, пасля многіх гадоў, разумею, вельмі дрэнна.

На той жа момант я гэты свой няпісаны кодэкс паводзін парушыў. Сядзеў, скурчыўшыся, у адных шкарпэтках, і не дзе-небудзь у кабінеце, а на кухні, і, як вогнепаклоннік, натхнёна і аддана гарнуўся да зыркага полымя, што шугала ад бярозавых дроў у пліце. Леваруч ад мяне стаяла перакуленая дном угору кадушка, і на ёй ляжалі мае чаравікі, поруч з імі абскублены, галаскуры певень з акрываўленай шыяй, поруч з пеўнем, кучаю, яго стракатае пер'е. Рэч у тым, што яшчэ да здранцвеласці я паспеў зрабіць цэлы шэраг захадаў, якіх вымагала само жыццё. Вастраносая Аксеня, Ягорычава жонка, была прызначана мною на пасаду мае кухаркі. У выніку гэтага і загінуў пад яе рукамі певень. Яго я павінен быў з'есці. Я з усімі перазнаёміўся. Фельчара звалі Дзям'ян Лукіч, акушэрак — Пелагея Іванаўна і Ганна Мікалаеўна. Я паспеў абысці бальніцу і з найяснейшаю яснасцю пераканаўся, што інструментарый у ёй самы багаты. Пры гэтым з такой жа яснасцю я вымушаны быў прызнацца (сам сабе, вядома), што прызначэнне вельмі многіх бездакорна зіхоткіх інструментаў мне зусім невядомае. Я іх не толькі не трымаў у руках, але нават, шчыра прызнаюся, і не бачыў.