Читать «Ручнік з пеўнямі» онлайн - страница 5
Міхаіл Булгакаў
Твар яго перакрывіўся, і ён, захліпаючыся, пачаў падганяць непаслухмяныя словы:
— Пане доктар… пане… адзіная, адзіная… Аднюсенькая! — крыкнуў ён раптам па-юначы звонка, так, што заскакаў абажур на лямпе. — Ах ты, божухна! Ах… — Ён у роспачы заламаў рукі і зноў забухаў ілбом у маснічыны, як бы хацеў разбіць яго. — За што? За што кара? Чым прагнявілі?
— Што? Што здарылася?! — выкрыкнуў я, чуючы, што халадзею.
Ён ускочыў на ногі, хіснуўся бліжэй і прашаптаў:
— Пане доктар… што хочаце… грошай дам… Грошы бярыце якія хочаце. Якія хочаце! Харчы будзем прывозіць… Толькі каб не памерла. Толькі каб не памерла. Калекаю астанецца — няхай сабе. Няхай сабе! — крычаў ён у столь. — Хопіць пракарміць, хопіць.
Бледны Аксенін твар вісеў у чорным квадраце дзвярэй. Скруха абвілася вакол майго сэрца.
— Што?.. Што? Гаварыце! — крыкнуў я пакутліва.
Ён сціх і шэптам, як бы сакрэтам, сказаў мне, і вочы яго сталі бяздонныя:
— У мялку папала…
— У мялку… у мялку? — перапытаў я. — Што гэта такое?
— Лён, лён цёрлі… пане доктар… — шэптам патлумачыла Аксеня, — у мялцы… лён труць…
«Вось пачынаецца. Вось… О, навошта я прыехаў!» — з жахам падумаў я.
— Хто?
— Дачка мая, — адказаў ён шэптам, а потым крыкнуў: — Памажыце! — І зноў паваліўся, і пастрыжаныя ў кружок яго валасы звіслі яму на вочы.
Лямпа-«маланка» са скрыўленым бляшаным абажурам гарэла зырка, двума рагамі. На аперацыйным стале, на белай, са свежым пахам, цыраце я яе ўбачыў, і кіла патухла ў маёй памяці.
Светлыя, крышачку рыжаватыя валасы звешваліся са стала злямчаным закарэлым каўтуном. Каса была велічэзная, і канец яе кранаўся падлогі.
Паркалёвая спадніца была ўшчэнт падрана, і кроў на ёй рознага колеру — пляма рудая, пляма тлустая, пунсовая. Святло «маланкі» здалося мне жоўтым і жывым, а яе твар папяровым, белым; нос завостраны.
На белым твары ў яе, як гіпсавае, нерухомае, патухала папраўдзе найрадчэйшае хараство. Не заўсёды, не часта сустрэнеш такі твар.
У аперацыйнай хвілін з дзесяць было паўнюткае маўчанне, але за зачыненымі дзвярыма чутно было, як глуха выкрыкваў нехта і бухаў, усё бухаў галавою.
«Крануўся розумам, — думаў я, — а сядзелкі, відаць, яго адпойваюць… Чаму такая красуня? Але ж і ў яго правільныя рысы твару… Відаць, маці была прыгожая… Ён удавец…»
— Ён удавец? — машынальна шапнуў я.
— Удавец, — ціха адказала Пелагея Іванаўна.
Тут Дзям'ян Лукіч рэзкім, як бы злосным махам, ад краю да верху, разарваў спадніцу і адразу яе адкрыў. Я зірнуў, і тое, што ўбачыў, было звыш майго ўяўлення. Левай нагі, проста кажучы, не было. Пачынаючы ад раструшчанага калена, ляжалі крывавыя ашмёткі, чырвоныя пажмаканыя мышцы, і востра ва ўсе бакі тырчалі белыя раструшчаныя косці. Правая нага была пераломана ў галёнцы так, што абедзве косці канцамі выскачылі наверх, прабіўшы скуру. Ад гэтага ступня яе знежывела, як бы асобна ляжала, павярнуўшыся набок.
— Н-але, — ціха сказаў фельчар і нічога больш не дадаў.
Тут я выйшаў са здранцвення і ўзяўся за яе пульс. У халоднай руцэ яго не было. Толькі пасля некалькіх секунд знайшоў я ледзьве чутную рэдкую хвалю. Яна прайшла… пасля была паўза, за час якой я паспеў зірнуць на пасінелыя крылы носа і белыя губы… Хацеў ужо сказаць: канец, але шчасліва ўстрымаўся… Зноў прайшла нітачкаю хваля.