Читать «Рэвізор» онлайн - страница 4
Мікалай Гогаль
Хрысьціян Іванавіч выдае той самы гук.
Амос Хведаравіч. Не, гэтага ўжо немагчыма выжыць: ён кажа, што яго маленькім мамка адбіла, і згэнуль ад яго тхне крыху гарэлкаю.
Гараднічы. Ды я так толькі зазначыў самім… Што-ж да нутранога распараджэньня й таго, што называе ў лісьце Андрэй Іванавіч грашкамі, я нічога не магу сказаць. Ды й дзіва казаць: няма чалавека, які ня меў бы за сабою якіх грахоў. Гэта ўжо так самым Богам уладжана, і валтар’янцы дарэмна супраць гэтага кажуць.
Амос Хведаравіч. Што-ж самі маеце, Антоне Антонавічу, грашкамі? Грашкі на грашкі ня выходзяць. Я кажу ўсім прылюдна, што бяру хабары, але чым хабары? Хартовымі шчанюкамі. Гэта зусім што іншае.
Гараднічы. Ну, шчанюкамі ці чым іншым, усёдна хабары.
Амос Хведаравіч. Ну не, Антоне Антонавічу. А вось, прыкладам, калі ў каго хутра каштуе пяцьсот рублёў, ды жонцы шаль…
Гараднічы. Ну, а што з таго, што самі берацё хабары хартовымі шчанюкамі? Затое самі ў Бога не ўвяраеце, самі ў царкву аніколі ня ходзіце; а я, прынамсі, у веры цьвярды й што нядзелькі бываю ў царкве. О, я знаю саміх, самі калі пачняцё распраўляць пра стварэньне сьвету, дык проста валасы дуба даюць.
Амос Хведаравіч. Дык-жа сам сабою дайшоў, собскім розумам.
Гараднічы. Ну, іншым разам зашмат розуму горш, чымся-б яго ані ня было. Зрэшты, я так толькі ўспамянуў пра паветавы суд; а праўду кажучы, бадай ці хто калі-небудзь зазірне туды: гэта ўжо такая зайздросная мясьціна, сам Бог над ёй апякуецца. А вось самім, Лукашу Лукашовічу, як інспэктару навучальных установаў, трэба парупіцца, асабліва што да настаўнікаў. Яны людзі, пэўна-ж, вучоныя й гадаваліся па розных калегіях, але маюць вельмі дзіўныя абыходкі, натуральна, неразлучныя з вучонай годнасьцяй. Адзін зь іх, прыкладам, вунь гэты, што ў яго таўшчэнны твар… ня прыпамятаю ягонага прозьвішча, аніяк ня можа абыцца без таго, каб, узышоўшы на катэдру, ня скрывеліцца во гэтак
Лукаш Лукашовіч. Што-ж мне, праўдачка, зь ім рабіць? Я ўжо колькі разоў яму казаў. Вось яшчэ надовечы, як зайшоўся быў у клясу наш маршалак, ён скроіў такую крывеліну, што я ніколі йшчэ не аглядаў. Дык-жа ён зрабіў ад добрага сэрца, а мне нагонка: навошта вальнадумныя ідэі натхняюцца моладзі.
Гараднічы. Тое-ж мушу зазначыць самім і пра настаўніка гістарычнай часткі. Ён вучоная галава — гэта знаць, і ведаў нахапаўся процьму, але толькі выкладае з гэткім запалам, што сябе ня памятае. Я аднойчы слухаў яго: ну, пакулечы распраўляў пра асырыйцаў і бабілёнцаў — яшчэ дарма, а як дабраўся да Аляксандры Македонскага, дык я не магу вам сказаць, што зь ім зрабілася. Я думаў, што пажар, далібог! Зьбег із катэдры, і, як дужы, трэсь крэслам аб памост! Яно, пэўна-ж, Аляксандра Македонскі гэрой, ды навошта-ж крэслы крышыць! Ад гэтага дзяржаве страта.