Читать «Рэвізор» онлайн - страница 3

Мікалай Гогаль

Амос Хведаравіч. Але-ж, акалічнасьць такая нязвычайная, проста нязвычайная. Нештачка нездарма.

Лукаш Лукашовіч. Навошта-ж, Антоне Антонавічу, із чаго гэта? Навошта да нас рэвізор?

Гараднічы. Навошта! Гэтак ужо, мабыць, доля. (Уздыхнуўшы). Дасюль, дзякаваць Богу, падкочваліся да іншых гарадоў, цяпер падыйшоў чарод да нашага.

Амос Хведаравіч. Я думаю, Антоне Антонавічу, што тутака тонкая й больш палітычная прычына. Гэта значыць вось што: Расея… але-ж… хоча ваяваць, дык-жа міністэрыя, во бачыце, і падаслала чыноўніка, каб даведацца, ці няма дзе здрады.

Гараднічы. Гэнь, куды маханулі! Яшчэ разумны чалавек! У паветавым горадзе здрада! Што ён, на ўзьмежку, ці што? Ды адсюль, хоць тры гады гані, да ніякае дзяржавы не даедзеш.

Амос Хведаравіч. Не, я самім скажу… самі ня гэта… самі ня… Начальства мае тонкія мэты: дарма, што далёка, а яно накручвае на вус.

Гараднічы. Накручвае ці не накручвае, а я вас, спадары, перасьцярог. Глядзеце! У сваёй галіне я сякія-такія распараджэньні зрабіў, раю й вам. Асабліва самім, Арцёме Піліпавічу! І ня думаць, праежджы чыноўнік захоча насамперш агледзець падначаленыя самім богугодныя ўстановы — і таму зрабеце так, каб усё было гожа: каптуры каб былі чыстыя, і хворыя не выглядалі-б на кавалёў, як зазвычай яны ходзяць па-свойску.

Арцём Піліпавіч. Ну, гэта йшчэ дарма. Каптуры, бадай, можна надзець і чыстыя.

Гараднічы. Але. І таксама над кажным ложкам надпісаць палаціне ці іншай якой моваю… гэта ўжо саміх частка, Хрысьціяне Іванавічу, — кажную хваробу, калі хто захварэўшы, каторага дня й даты… Нядобра, што ў вас хворыя такі сіберны тытун кураць, што заўсёды разачхаешся чалавек, увайшоўшы. Дый лепш, каб іх было меней: адразу запішуць на благі догляд ці на лекарава няўмельства.

Арцём Піліпавіч. О! Што да лекарства, мы з Хрысьціянам Іванавічам ужылі свае захады: чым бліжэй да натуры, тым лепш, — лекаў дарагіх мы ня ўжываем. Чалавек просты: калі памрэ, дык і так памрэ; калі ачуняе, дык і так ачуняе. Дый Хрысьціяну Іванавічу цяжкавата было-б зь імі паразумецца — ён па-нашаму ані слоўца ня ўмее.

Хрысьціян Іванавіч выдае гук, часткаю падобны да літары і, а крыху да е.

Гараднічы. Самім гэтак-жа раіў-бы, Амосе Хведаравічу, узяць увагу на прысудзкія ўстановы. У саміх тамака ў сходні, куды зазвычай прыходзяць із просьбамі, старажы загадавалі свойскіх гусей з маленькімі гусянятамі, што так і шныпараць пад нагамі. Яно пэўна-ж, сваёй гаспадаркай абжывацца кажнаму ўхвальна, дык чаму-ж і сторажу не абжыцца, толькі, ведаеце, у такім месцы нягожа… Я й перш хацеў самім гэта зазначыць, ды ўсё нек забываўся…

Амос Хведаравіч. А вось я іх сяньня-ж загадаю ўсіх забраць да кухні. Хочаце, прыходзьце на абед.

Гараднічы. Апрача таго, блага, што ў саміх высушваецца ў саменькім прысудзтве ўсялякая дрэнь, і над самюсенькай шафай з паперамі — паляўнічы гарапнік. Я ведаю, самі любіце паляваньне, але ўсё-ж на час лепш прыхаваць яго, а там, як праедзе рэвізор, бадай, ізноў можаце сабе павесіць. Таксама і лаўнік у саміх… ён, пэўна-ж, чалавек дазнаны, але ад яго такі пах, быццам-бы ён кагадзе выйшаўшы з бровару, — гэта таксама нядобра. Я хацеў даўно пра гэта сказаць самім, ды быў, ня памятаю чым, забаўлены. Ёсьць проці гэтага спосабы, калі ўжо гэта, запраўды, як ён кажа, у яго прыродны пах: можна параіць яму есьці цыбулю, ці часнык, ці што іншае. У гэтым разе можа дапамагчы рознымі мэдыкамэнтамі Хрысьціян Іванавіч.