Читать «Рэвізор» онлайн
Мікалай Гогаль
Мікалай Гогаль
Рэвізор
Дарма на люстэрак крывіцца, калі сам крывы.
Народная прыказка
Дзейныя асобы
Антон Антонавіч Сквозьнік-Дмуханоўскі, гараднічы.
Ганна Андрэеўна, ягоная жонка.
Мар’я Антонаўна, ягоная дачка.
Лукаш Лукашовіч Хлопаў, інспэктар школаў.
Жонка ягоная.
Амос Хведаравіч Ляпкін-Цяпкін, судзьдзя.
Арцём Піліпавіч Земляніка, апякун богугодных установаў.
Іван Кузьмовіч Шпёкін, паштмайстар.
Пётра Іванавіч Добчынскі } гарадзкія дамаўласьнікі.
Пётра Іванавіч Бобчынскі }
Іван Аляксандравіч Хлестакоў, чыноўнік ізь Пецярбургу.
Восіп, ягоны служка.
Хрысьціян Іванавіч Гібнэр, паветавы лекар.
Хведар Андрэевіч Люлюкоў }
Іван Лазаравіч Растакоўскі } адстаўныя чыноўнікі, паважаныя асобы ў горадзе.
Сьцяпан Іванавіч Каробкін }
Сьцяпан Ільлёвіч Ухавёртаў, паліцыйны прыстаў.
Сьвістуноў }
Пугаўкін } паліцыянты.
Дзяржыморда }
Абдулін, купец.
Хаўроньня Пётраўна Паплешына, сьлесарыха.
Жонка унтэр-афіцэра.
Міхалка, служка гараднічага.
Служка заезду.
Госьці, купцы, мяшчане, просьбіты.
Характары і касьцюмы
Зацемкі спадаром акторам
Гараднічы, ужо пастарэлы на службе й дужа ня дурны, як па-свойму, чалавек. Хоць і хабарнік, аднак захоўваецца дужа салідна, даволі паважны, крыху нават рэзанэр; гаворыць ні заголасна, ні заціха, ні зашмат, ні замала. Ягонае кажнае слова важкае. Рысы твару ў яго грубыя й жорсткія, як у кажнага, хто пачаў цяжкую службу ад ніжэйшых чыноў. Пераход ад страху да радасьці, ад нізоты да хванабэрыі, даволі шпаркі, як у чалавека з груба-разьвітымі нахіламі душы. Ён апранены звычайна ў сваім мундзеры з зашплікамі і ў батфортах із шпорамі. Валасы ў яго стрыжаныя, зь сівізною.
Ганна Андрэеўна, ягоная жонка, правінцыяльная какетка, яшчэ не зусім паджылых год, узгадаваная напалавіну на раманах, альбомах, напалавіну на клопатах у сваёй каморы і дзявічнай. Дужа цікаўная й пры нагодзе выказвае пустахвальства. Бярэ часам уладу над мужам таму толькі, што той не знаходзіцца, што адказваць ёй; але ўлада гэтая пашыраецца толькі на драбніцы й палягае на вымовах і насьмешках. Яна чатыры разы пераапранаецца ў розныя сукні на працягу п’есы.
Хлестакоў, малады чалавек год дваццацёх трох, тоненькі, худзенькі, крыху прыдуркаваты і, як кажуць, без цара ў галаве, — адзін із тых людзей, якіх у канцылярыях называюць пусьцейшымі. Гаворыць і дзеіць без усялякага меркаваньня. Ён ня ў стане спыніць сталае ўвагі над якой-небудзь думкаю. Гаворка ягоная адрывістая, і словы вылётаюць із вуснаў ягоных зусім неспадзявана. Чым больш выканавец гэтае ролі пакажа чыстасэрдзя й прасьціні, тым больш ён выйграе. Апранаецца паводле моды.
Восіп, служка, такі, якімі зазвычай бываюць служкі крыху паджылых год. Гаворыць паважна, пазірае крыху ўніз, рэзанэр і любіць самому сабе чытаць маралы для свайго пана. Голас ягоны блізу заўсёды роўны, у гаворцы з панам набывае суворы, адрывісты й крыху навет грубы выраз. Ён разумнейшы за свайго пана і таму хутчэй здагадваецца, але ня любіць зашмат гаварыць, і таму моўчкі круцель. Касьцюм ягоны — шэры ці сіні падношаны сурдут.
Бобчынскі й Добчынскі, абодвы нізенькія, кароценькія, дужа цікаўныя; надзвычай падобныя адзін да аднаго: абодва зь невялічкімі пузікамі, абодва гавораць хуценька й надзвычай шмат памагаюць гэстамі й рукамі. Добчынскі крыху вышэйшы, паважнейшы за Бобчынскага, але Бобчынскі разьвязьнейшы й жвавейшы за Добчынскага.