Читать «Рэвізор» онлайн - страница 6

Мікалай Гогаль

Паштмайстар. Не, пра пецярбурскага нічагуткі няма, а пра кастрамскіх ды саратаўскіх шмат гаворыцца. Шкада, аднак-жа, што самі ня чытаеце лістоў. Ёсьць дасканалыя мясьціны. Вось нядаўна адзін паручнік піша да прыяцеля й апісаў баляваньне ў самагульлівым… вельмі, вельмі добра. «Жыцьё маё, любы сябру, плыве, — кажа, — у эмпірэях: паненкаў шмат, музыка грае, штандарт скача…» — зь вялікім, зь вялікім пачуцьцём апісаў. Я знарок пакінуў яго ў сябе. Хочаце, прачытаю?

Гараднічы. Не, цяперака не да таго. Дык зрабеце ласку, Іване Кузьмовічу: калі выпадкам трапіцца жальба ці данашэньне, дык бяз усякага разважаньня запыняйце.

Паштмайстар. Ізь вялікай прыемнасьцяй.

Амос Хведаравіч. Глядзеце, будзе вам калі за гэта.

Паштмайстар. Ах, Божухна!

Гараднічы. Дарма, дарма. Што іншае, калі-б самі з гэтага публічнае што зрабілі, але-ж гэта справа сямейная.

Амос Хведаравіч. Але-ж, нядобрая справа заварылася! А я, прызнаюся, ішоў быў да саміх, Антоне Антонавічу, каб пачаставаць саміх сабачанёткам. Родная сястра таго кяжучка, што самі знаеце. Самі-ж чулі, што Чаптовіч із Вархавінскім завяліся судзіцца, і цяперака мне раскоша: ганяю зайцоў на землях і ў гэтага, і ў гэнага.

Гараднічы. Бацюхна, няўлюб мне цяпер саміх зайцы: у мяне інкогніта проклятае сядзіць у галаве! Гэтак і чакаеш чалавек, што вось адчыняцца дзьверы — і шась…

Зьява ІІІ

Тыя самыя, Бобчынскі й Добчынскі, абодва ўваходзяць засопшыся.

Бобчынскі. Надзвычайная праява!

Добчынскі. Неспадзяваная справа!

Усе. Што, што такое?

Добчынскі. Непрадбачаная рэч: прыходзіма ў гасьціньніцу…

Бобчынскі (перапыняючы). Прыходзіма зь Пётрам Іванавічам у гасьціньніцу…

Добчынскі (перапыняючы). Гэ, дазвольце, Пётра Іванавічу, я раскажу.

Бобчынскі. Гэ, не, дазвольце, ужо я… дазвольце, дазвольце… самі ўжо й стылю такога ня маеце.

Добчынскі. А самі зьбянтэжыцеся й ня прыпамятаеце ўсяго.

Бобчынскі. Прыпамятаю, далібог, прыпамятаю. Ужо-ткі не замінайце, хай я раскажу, не замінайце! Скажэце, спадары, зрабеце ласку, каб Пётра Іванавіч не замінаў.

Гараднічы. Ды кажэце, дзеля Бога, што такое? У мяне сэрца не ўтаймуецца. Сядайце, спадары! Вазьмеце крэслы! Пётра Іванавічу, вось самім крэсла.

Усе расьсядаюцца вакол абодвух Пётраў Іванавічаў.

Ну, што, што такое?

Бобчынскі. Дазвольце, дазвольце: я ўсё парадкам. Як толькі меў я прыемнасьць выйсьці ад саміх пасьля таго, як самі мелі ласку сумецца атрыманым лістом, але-ж, дык я тады сама забегся… ужо калі ласка, не перапыняйце, Пётра Іванавічу! Я-ж ужо ўсё, усё, усё ведаю-ж. Дык я, вось будзьце ласкавы бачыць, забегся да Каробкіна. Дык-жа не засьпеўшы Каробкіна ўдома, закруціўся да Растакоўскага, а не засьпеўшы Растакоўскага, зайшоўся вось да Івана Кузьмовіча, каб паведаміць яму атрыманую самімі навіну, ды, ідучы адтуль, сустрэўся зь Пётрам Іванавічам…

Добчынскі (перапыняючы). Каля будкі, дзе прадаюцца булкі.

Бобчынскі. Каля будкі, дзе прадаюцца булкі. Але, сустрэўшыся зь Пётрам Іванавічам і кажу яму: «Ці чулі самі пра навіну, што меў Антон Антонавіч ізь верыгоднага ліста?» А Пётра Іванавіч ужо чулі пра гэта ад саміх ахмістрыні, ад Аўдоцьці, якая, ня ведаю, па штосьці была пасланая да Піліпа Антонавіча Пачачуева.