Читать «Рэвізор» онлайн - страница 2

Мікалай Гогаль

Ляпкін-Цяпкін, судзьдзя, чалавек, які прачытаў пяць ці шэсьць кніжок і таму крыху вальнадумны. Вялікі ахвотнік да здагадкаў, таму кожнаму свайму слову надае вагу. Выканавец гэтай ролі павінен заўсёды захоўваць на сваім твары мнагазначную міну. Гаворыць басам із даўгаватым расьцягам, хрыпам і сапам, як старэтны гадзіньнік, які перш сіпіць, а тады ўжо б'е.

Земляніка, апякун богугодных установаў, дужа таўсты, непавароткі, нязграбны чалавек; але пры ўсім тым пройда й круцель. Дужа прыслужлівы й мітусьлівы.

Паштмайстар, прастадушны да наіўнасьці чалавек.

Рэшта роляў не патрабуець асаблівых тлумачэньняў; арыгіналы іхныя заўсёды бадай знаходзяцца перад вачыма.

Спадары акторы асабліва павінны ўзяць увагу на апошнюю сцэну. Апошняе праказанае слова павінна зрабіць электрычны ўскалот на ўсіх — адразу, раптам. Уся група павінна зьмяніць палажэньне за адно вокамгненьне. Гук зьдзіўленьня павінен вырвацца ўва ўсіх жанок разам, як быццам із адных грудзей. Ад незахаваньня гэтых заўвагаў можа зьнікнуць увесь эфэкт.

Дзея першая

Пакой у доме гараднічага.

Зьява І

Гараднічы, апякун богугодных установаў, інспэктар школаў, судзьдзя, паліцыйны прыстаў, лекар, два квартальныя.

Гараднічы. Я запрасіў вас, спадары, каб паведаміць вам вельмі паганую навіну: да нас едзе рэвізор.

Амос Хведаравіч. Як, рэвізор?

Арцём Піліпавіч. Як, рэвізор?

Гараднічы. Рэвізор ізь Пецярбургу, інкогніта. І яшчэ з сакрэтнай інструкцыяй.

Амос Хведаравіч. Вось табе маеш!

Арцём Піліпавіч. Вось ня мелі клопату, дык давай!

Лукаш Лукашовіч. Божухна-Бацюхна! Яшчэ й з сакрэтнай інструкцыяй.

Гараднічы. Я быццам прачуваў: сяньня мне цалюткую ноч сьніліся нейкія два нязвычайныя пацукі. Праўда-ж, гэткіх я ніколі ня бачыў: чорныя, нясусьветнае велічыні! Прыйшлі, панюхалі — і пайшлі прэч. Вось я вам прачытаю ліст, што меў я ад Андрэя Іванавіча Чмыхава, якога самі, Арцёме Піліпавічу, знаеце. Вось што ён піша: «Даражэнькі сябру, куме й дабрадзею (мармыча напаўголасу, прачытваючы хутка вачыма) — і паведаміць цябе…» Ага, вось: «Сьпяшаюся, між іншага, паведаміць цябе, што прыехаў чыноўнік з інструкцыяй агледзець усю губэрню й асабліва наш павет (мнагазначна ўздымае палец угару). Я даведаўся гэта ад самаверыгодных людзей, хоць ён удае зь сябе прыватную асобу. Ведаючы, што за табою, як за кажным, вядуцца грашкі, бо чалавек ты разумны й ня любіш цадзіць праз пальцы, што плыве само ў рукі…» (спыніўшыся). Ну, тутака свае. — «…дык раю табе ўзяць перасьцярогу, бо ён можа наехаць кажнае гадзіны, калі толькі ўжо ня прыехаў і ня жыве дзе інкогніта… Учарайшага дня…» Ну, гэттака ўжо пайшлі справы сямейныя: «Сястра Ганна Кірылаўна прыехаўшы да нас із сваім мужам; Іван Кірылавіч вельмі рассыцеў і ўсё грае на скрыпцы» і іншае, і іншае. Дык вось якая акалічнасьць.