Читать «Рэвізор» онлайн - страница 21

Мікалай Гогаль

Арцём Піліпавіч (набок). Вось дзе дзяньдзівір, як расьпісвае! даў жа Бог гэткі талент!

Хлестакоў. Гэта праўда. Я, прызнаюся, люблю таксама часам загаловіцца: іншым разам прозаю, а іншым і вершык выкінецца.

Бобчынскі (Добчынскаму). Справядліва, усё справядліва, Пётра Іванавічу! Заўвагі такія… відаць, што навукаў вучыўся.

Хлестакоў. Скажэце, на ласку, ці няма ў вас якіх забаваў, таварыстваў, дзе можна было-б, прыкладам, згуляць у карты?

Гараднічы (набок). Эгэ, ведаем, галубочку, у чый гародчык каменьчыкі шпурляюць! (Уголас). Крый Божа! Тутака й чуць не пачуеш пра такія кумпаніі. Я картаў і ў рукі ніколі ня браў; нат ня ведаю, як гуляць у карты. Глядзець на іх не магу спакойна, а калі здарыцца згледзець гэтак якога званковага караля ці што-небудзь іншае, дык гэткая агіда апануе, што, проста, плюнеш чалавек. Аднойчы нек здарылася, забаўляючы дзяцей, злажыў будку з картаў, дык пасьля гэтага цалюткую ноч сьніліся, праклятыя! Бог ізь імі! Як можна, каб такі дарагі час марнаваць на іх.

Лукаш Лукашовіч (набок). А ў мяне, падлюга, выпантаваў учора сто рублёў.

Гараднічы. Балазей-жа я ўжыву гэты час на карысьць дзяржаўную.

Хлестакоў. Ну, не, самі дарэмна, аднак-жа… Усё залежыць ад таго, зь якога боку хто глядзіць на рэч. Калі, прыкладам, забастуеш, тымчасам як трэба гнуць ад трох рагоў… ну тады, ведама!.. Не, не кажэце, часам вельмі прынадна згуляць.

Зьява VI

Тыя самыя, Ганна Андрэеўна й Мар’я Антонаўна.

Гараднічы. Адважуся пазнаёміць сямейку маю: жонка й дачка.

Хлестакоў (раскланьваючыся). Які я шчасьлівы, спадарыня, што маю ў сваім сэньсе прыемнасьць саміх бачыць.

Ганна Андрэеўна. Нам яшчэ больш прыемна бачыць такую асобу.

Хлестакоў (рысуючыся). Дайце рады, спадарыня, зусім наадварот: мне йшчэ прыямней.

Ганна Андрэеўна. Як-жа можна! Самі гэта так маеце ласку казаць, дзеля камплімэнту. Прашу шчыра, сядайце.

Хлестакоў. Каля саміх стаяць ёсьць ужо шчасьце; зрэшты, калі самі так канечна жадаеце, я сяду. Які я шчасьлівы, што, нарэшце, сяджу каля саміх.

Ганна Андрэеўна. Дайце рады, я ніяк ня важуся прыняць на сябе. Я думаю, самім пасьля сталіцы ваяжаваньне выдалася вельмі прыкрым.

Хлестакоў. Надзвычай прыкрым. Звыкшы жыць, comprenez vous, у сьвеце, і раптам апыніцца ў дарозе — брудныя корчмы, цемра невуцтва… Калі-б, прызнаюся, не такая нагода, якая мяне… (паглядае на Ганну Андрэеўну й рысуецца перад ёй) гэтак узнагародзіла за ўсё…

Ганна Андрэеўна. Запраўды, як самім мусіць быць няпрыемна!

Хлестакоў. Зрэшты, спадарыня, гэтае часіны мне вельмі прыемна.

Ганна Андрэеўна. Як-жа можна! Самі робіце багата гонару. Я на гэта не заслугоўваю.