Читать «Рэвізор» онлайн - страница 18
Мікалай Гогаль
Мар’я Антонаўна. Ды праўда-ж, мамуленька, часінкі за дзьве ўсё даведаемся. Ужо неўзабаве Аўдоцьця павінна прыйсьці.
Ганна Андрэеўна. Дзе йдзе? У цябе вечна якія-небудзь фантазіі. Ну але, ідзе. Хто-ж ідзе? Невялічкага росту… у фраку… Хто ж гэта? Га? Гэта, аднак-жа, дакука! Хто-ж бы гэта такі быў?
Мар’я Антонаўна. Гэта Добчынскі, мамуленька!
Ганна Андрэеўна. Які Добчынскі! Табе заўсёды раптам уроіцца гэтакае… Зусім ня Добчынскі.
Мар’я Антонаўна. Праўда-ж, мамуленька, Добчынскі!
Ганна Андрэеўна. Ну, вось знарок, абы толькі папярэчыць. Кажуць табе — ня Добчынскі.
Мар’я Антонаўна. А што? а што, мамуленька? бачыце, што Добчынскі.
Ганна Андрэеўна. Ну але, Добчынскі, цяперака бачу, — чаго-ж ты пярэчыш?
Зьява ІІ
Тыя самыя й Добчынскі.
Ганна Андрэеўна. Ну, скажэце на ласку: ну, ці-ж ня сорам самім? Я на саміх на адных спадзявалася, як на прыстойнага чалавека: усе раптам выбеглі, і самі туды сама за імі! і я вось, ад нікога дасюль ладу не дайду. Ці-ж ня сорам самім? Я ў саміх хрысьціла вашага Яначку й Лізачку, а самі вось як са мной абыйшліся!
Добчынскі. Дальбог, кумухна, гэтак бег засьветчыць пашану, што не магу адсапнуцца. Маё шанаваньне, Мар’я Антонаўна!
Мар’я Антонаўна. Дабрыдзень, Пётра Іванавічу!
Ганна Андрэеўна. Ну, што? Ну, расказвайце: што й як тамака?
Добчынскі. Антон Антонавіч прыслалі самім пісульку.
Ганна Андрэеўна. Ну, ды ён хто гэткі? гэнэрал?
Добчынскі. Не, не гэнэрал, а не паддасца гэнэралу. Такая адукацыя й важнецкія абыходкі.
Ганна Андрэеўна. Га! дык гэта той самы, пра якога было пісана мужу.
Добчынскі. Запраўдны! Я гэта першы выкрыў разам ізь Пётрам Іванавічам.
Ганна Андрэеўна. Ну, раскажэце, што й як?
Добчынскі. Ды, дзякуй Богу, усё шчасьліва. Спачатку ён прыняў быў Антона Антонавіча крыху засурова; але-ж, злаваў і казаў, што ў гасьціньніцы ўсё нядобра, і да яго не паедзе, і што ён ня хоча сядзець за яго ў турме; ды пасьля, як пазнаў бязьвіннасьць Антона Антонавіча і як бліжэй разгаварыўся зь ім, адразу-ж зьмяніў думкі і, дзякуй Богу, усё пайшло добра. Яны цяперака паехалі аглядаць богугодныя ўстановы… ато, прызнаюся, ужо Антон Антонавіч думалі, ці ня было патаёмнага даносу. Я сам таксама спалохаўся крышку.
Ганна Андрэеўна. Дык-жа самім чаго баяцца? Самі-ж ня служыце.
Добчынскі. Ды так, ведаеце, калі вяльможны гаворыць, пачуваеш чалавек страх.
Ганна Андрэеўна. Ну, што-ж… гэта ўсё, аднак-жа, дурніна; раскажэце, які ён ізь сябе? што, стары ці малады?
Добчынскі. Малады, малады чалавек, год дваццаць тры; а гаворыць зусім як стары.