Читать «Рэвізор» онлайн - страница 17

Мікалай Гогаль

Гараднічы. Ды самі будзьце ласкавы ня турбавацца: ён пачакае. (Служку). Пайшоў вон, табе прышлецца.

Хлестакоў. Запраўды, і гэта рацыя. (Хавае грошы).

Служка выходзіць. Празь дзьверы выглядае Бобчынскі.

Зьява X

Гараднічы, Хлестакоў, Добчынскі.

Гараднічы. Ці ня будзе саміх ласка аглядзець цяпер некаторыя ўстановы ў нашым горадзе, як гэта — богугодныя й іншыя?

Хлестакоў. А што там за што?

Гараднічы. А так, палядзіце, якая ў нас плынь справаў…. парадак які…

Хлестакоў. Зь вялікай прыемнасьцяй, я гатовы.

Бобчынскі выстаўляе голаў празь дзьверы.

Гараднічы. Таксама, калі будзе саміх зычэньне, адтуль у паветавае вучылішча, агледзець парадак, у якім выкладаюцца ў нас навукі.

Хлестакоў. Калі ласка, калі ласка.

Гараднічы. Пасьля, калі зажадаеце наведаць вастрог і гарадзкія турмы — разгледзіце, як у нас маюцца злачынцы.

Хлестакоў. Ды навошта-ж турмы? Ужо лепш агледзьма богугодныя ўстановы.

Гараднічы. Як саміх ласка. Як самі маніцёся, у сваім повазе, ці разам са мною ў брычцы?

Хлестакоў. Але, я лепш із самімі ў брычцы паеду.

Гараднічы (Добчынскаму). Ну, Пётра Іванавічу, самім цяперака няма месца.

Добчынскі. Дарма, я так.

Гараднічы (ціха Добчынскаму). Слухайце: самі бягайце, ды подбегам, на ўсе застаўкі, і аднясіце дзьве пісулькі: адну ў богугодную ўстанову Земляніку, а другую жонцы. (Хлестакову). А ці паважуся я прасіць дазваленьня напісаць у саміх прытымбыцьці адзін радок жонцы, каб яна падрыхтавалася да прыняцьця шаноўнага гасьця?

Хлестакоў. Ды навошта-ж!.. А, зрэшты, вось дзе й чэрня, толькі паперы, ня ведаю… Хіба на гэтым рахунку?

Гараднічы. Я восьдзека напішу. (Піша й тым-жа часам гаворыць сам сабе). А вось палядзімо, як пойдзе справа пасьля фрыштыку ды пляшкі-таўстапузкі! Ды ёсьцека ў нас губэрнская мадэра, непаглядная на вока, а сланя зваліць із капытоў. Адно-б мне даведацца, што ён за што і ў якой меры яго трэба сьцерагчыся. (Напісаўшы, аддае Добчынскаму, які падыходзіць да дзьвярэй, ды ў гэтым часе дзьверы зрываюцца, і Бобчынскі, які падслухоўваў з другога боку, ляціць разам ізь дзьвярыма на сцэну. Усіхныя воклічы. Бобчынскі ўзьнімаецца).

Хлестакоў. Што? Ці не пабіліся самі дзе-небудзь?

Бобчынскі. Нічога, нічагутка, без усякенькага памяшальніцтва, толькі звыш носу невялічкі плескачэц. Я забягуся да Хрысьціяна Іванавіча: у яго-ж ёсьцека пляйстар гэнакі, — яно й загоіцца.

Гараднічы (робячы Бобчынскаму дакорлівы знак, Хлестакову). Гэта-ж дарма. Прашу, калі ласка, будзьце ласкавы! а саміх служку я скажу, каб перанёс рэчы. (Восіпу). Даражэнькі, ты перанясі ўсё да мяне, да гараднічага, табе кожны пакажа. Прашу, калі ласка! (Прапушчае наперад Хлестакова і йдзе за ім, але, абярнуўшыся, гаворыць із дакорам Бобчынскаму). Ужо й самі! не знайшлі іншае мясьціны зваліцца! І расьцёгся, як ліха ведае што якое. (Выходзіць; за ім Бобчынскі).

Заслона апушчаецца.

Дзея трэйцяя

Пакой першае дзеі

Зьява І

Ганна Андрэеўна, Мар'я Антонаўна стаяць ля вакна ў тых-жа самых паставах.

Ганна Андрэеўна. Ну, вось ужо цэлую гадзіну не дачакаемся, а ўсё ты із сваім дурным жамонствам: зусім надзелася, не! яшчэ трэба поркацца… Ня слухаць-бы яе зусім. Гэткая дакука! Як знарок, ні душы! Як быццам-бы вымерла ўсё.