Читать «Рэвізор» онлайн - страница 16
Мікалай Гогаль
Хлестакоў. Не, татуля мяне патрабуе. Узлаваўся стары, што дасюль нічога ня выслужыў у Пецярбургу. Ён думае, што так вось прыехаў, ды зараз табе Валадзімера ў зашплік і дадуць. Не, я паслаў-бы яго самога паабівацца ў канцылярыю.
Гараднічы
Хлестакоў. Праўда-ж, ня ведаю. То-ж мой бацька наравісты й дурны, стары хрэн, як бервяно. Я яму проста скажу: як хочаце, я не магу жыць безь Пецярбургу. Завошта, дапраўды-ж, я павінен загубіць жыцьцё з мужыкамі? Цяпер ня тыя патрэбы, душа мая прагне прасьветы.
Гараднічы
Хлестакоў. Паганы пакой, і клапы такія, якіх я анідзе ня бачыў: як сабакі кусаюцца.
Гараднічы. Скажэце! Такі асьвечаны госьць, і церпіць ад каго-ж! — ад якіх-небудзь нягодных клапоў-блышчыцаў, якім-бы й на сьвет ня трэ было радзіцца! Няйначай, і цёмна ў гэтым пакоі?
Хлестакоў. Але-ж, зусім цямнюсенька. Гаспадар займеў звычай не даваць сьвечак. Часам што-небудзь хочацца зрабіць, пачытаць, ці прыйдзе фантазія апісаць што — не магу: цёмна, цёмна!
Гараднічы. А ці паважуся прасіць саміх… ды не, я ня годны.
Хлестакоў. А што?
Гараднічы. Не, не, ня годны, ня годны!
Хлестакоў. Ды што-ж такога?
Гараднічы. Я-б здабыўся на адвагу… У мяне ў хаце ёсьць харошы для саміх пакойчык, сьветлы, спакойны… ды не, пачуваю сам, што гэта ўжо занадта вялікі гонар… Не загневайцеся, дальбог, ад простае душы прапанаваў.
Хлестакоў. Наадварот, я з ахвотаю. Мне куды прыямней у прыватным доме, чымся ў гэтай карчме.
Гараднічы. А ўжо-ж мне якая будзе радасьць! А ўжо-ж як жонка ўзрадуецца! У мяне ўжо такі характар: гасьціннасьць ад сама адмалку, асабліўна калі госьць асьвечаны чалавек. Ня ўздумайце, каб я казаў гэта зь лісьліўства; не, ня маю гэтае ганьбы, ад паўніні душы выказваюся.
Хлестакоў. Шчыра дзякую! Я сам таксама ня люблю людзей двудушных. Мне вельмі падабаецца ў саміх шчырасьць і зычлівасьць, і я-б, прызнаюся, больш-бы нічога й не патрабаваў, як толькі аддавай мне адданасьць і пашану, пашану й адданасьць.
Зьява IX
Тыя самыя й гаспадароў служка, у таварыстве Восіпа. Бобчынскі выглядае празь дзьверы.
Служка. Мелі ласку пытацца?
Хлестакоў. Але, падай рахунак.
Служка. Я ўжо надовечы падаваў самім другі рахунак.
Хлестакоў. Я ўжо ня памятаю тваіх дурных рахункаў. Кажы, колькі там?
Служка. Самі мелі ласку першага дня ўзяць абед, а на другі дзень толькі закусілі сёмгі і пасьля пайшлі ўсё напавер браць.
Хлестакоў. Дурніла! Яшчэ пачаў вылічаць. За ўсё колькі трэба?