Читать «Рэвізор» онлайн - страница 14
Мікалай Гогаль
Хлестакоў. Праўда-ж, як быццам і ня еў; толькі сама разахвоціўся. Каб дробязь, паслаць бы на рынак і купіць хоць кухан.
Восіп (уваходзячы). Там чагосьці гараднічы прыехаўшы, даведваецца й дапытваецца пра саміх.
Хлестакоў (спалохаўшыся). Вось табе маеш! Гэткая гадава пара гаспадар, управіўся ўжо нажаліцца! Што, калі й запраўды ён патурыць мяне ў турму? Што-ж, калі дабрародным парадкам, я, бадай… Не, не, ня хочу! Тамака ў горадзе цягаюцца афіцэры й народ, а я, бы знарок, задаў тону й перамігнуўся з аднэй купецкай дачкою… Не, ня хочу… Ды што ён, як ён важыцца, запраўды? Што я яму, хіба купец ці рамесьнік? (Чапурыцца й выпростваецца). Ды я яму проста скажу: «Як самі…» (У дзьвярах круціцца ручка; Хлестакоў бялее ў твары й стуляецца).
Зьява VIII
Хлестакоў, гараднічы й Добчынскі. Гараднічы, увайшоўшы, спыняецца. Абодва ў сполаху пазіраюць колькі часінаў адзін на аднаго, вырачыўшы вочы.
Гараднічы (крыху ачуняўшы й працягнуўшы рукі па швох). Зычу здаровейка!
Хлестакоў (кланяецца). Маё шанаваньне!
Гараднічы. Прабачце!
Хлестакоў. Дарма…
Гараднічы. Павіннасьць мая, як гараданачальніка тутэйшага гораду, рупіцца аб тое, каб праежджым і ўсім дабрародным людзям яніякіх уціскаў…
Хлестакоў (спачатку крыху заікліва, але пад канец моцна). Ды што-ж рабіць?.. Я не вінаваты… Я, дапраўды-ж, заплачу… Мне прышлюць із двара.
Бобчынскі выглядае з-за дзьвярэй.
Ён больш вінаваты: ялавічыну мне падае такую цьвярдую, як бервяно; а булён — ён ліха ведае чаго лінуў туды, я мусіў выкінуць яго за вакно. Ён мяне голадам цэлымі днямі… Гарбата такая дзіўная, сьмярдзіць рыбаю, а не гарбатай. Завошта-ж я… Во навіна!
Гараднічы (таропеючы). Прабачце, я, праўда-ж, не вінаваты. На рынку ў мяне ялавічы заўсёды добрыя. Прывозяць халмагорскія купцы, людзі цьвярозыя й закону добрага. Я ўжо й ня ведаю, адкуль ён бярэ такія. А калі што ня гэтак, дык… Дазвольце мне запрапанаваць самім перабрацца са мною на іншую гасподу.
Хлестакоў. Не, ня хочу! Я ведаю, што значыць на іншую гасподу: гэта значыць — у турму. Ды якое самі маеце права, ды як самі важыцеся!.. Ды вось я… Я служу ў Пецярбургу. (Горда). Я, я, я…
Гараднічы (набок). О, Божухна ды бацюхна, які злосны! Усё даведаўся, усё расказалі праклятыя купцы!
Хлестакоў (харобрачыся). Ды вось вы тут хоць з усёй сваёй камандаю — не пайду! Я проста да міністра! (Стукае кулаком па стале). Што вы? што вы?
Гараднічы (выцягнуўшыся й калоцячыся ўсім целам). Зьлітуйцеся, не загубеце! Жонка, дзеткі дробныя… не зрабеце няшчасным чалавека!
Хлестакоў. Не, я ня хочу! Во йшчэ! мне што да таго? Затое, што ў саміх жонка й дзеці, я мушу йсьці ў турму, во любата!
Бобчынскі выглядае празь дзьверы і ў сполаху хаваецца.
Не, дзякуй шчыра, ня хочу!
Гараднічы (калоцячыся). Бяз практыкі, дальбог, бяз практыкі. Незаможнасьць стану. Самі майце ласку разважыць, дзяржаўнае пэнсіі не стае навет на хлеб із квасам. Калі-ж і былі якія хабаркі, дык самая драбяза: на стол што-небудзь ды на пару адзежыны. Што-ж да унтэр-афіцэрскае ўдавы, што займаецца купецтвам, якую я быццам-бы адлупцаваў, дык гэта паклёп, дальбог, паклёп. Гэта выдумалі злосьнікі мае; гэта такі народ, што на жыцьцё маё гатовы замахнуцца.