Читать «Сказ пра Робін Гуда» онлайн - страница 3
Джон Фінемар
Робін Гуд пачаў выкручвацца з агіднага скрутка, але дарэмна — яго добра звязалі.
— А на чым мы яго павязём? — спытаў адзін з даглядчыкаў каралеўскага лесу.
— Я толькі што падумаў пра гэта, Дзікан, — адказаў галоўны ляснік. — Памятаеш, па дарозе сюды нам трапіліся на вочы два ці тры саксонскія мужыкі? Недзе за паўмілі адсюль. Во, нават чуваць іхнія сякеры.
Усе сціхлі, і здалёку да іх данёсся стук сякер.
— Бяжы, Дзікан, — загадаў галоўны, — і прывядзі іх сюды разам з валакушай, на якой яны возяць з лесу дровы.
Дзікан пабег і неўзабаве прывёў дрывасекаў з валакушай.
Галоўны ляснік загадаў сялянам:
— Падыміце гэтага шэльму, кіньце на валакушу і цягніце ў горад.
Дрывасекаў было трое. Гэта былі беднякі, апранутыя ў грубыя курткі з валовай шкуры, на нагах чаравікі з накладнымі халявамі, валасы ўскудлачаныя. Двое з іх, старыя сяляне, паспешліва кінуліся выконваць загад. Яны баяліся жорсткіх леснікоў. Трэці, дужы, плячысты хлопец гадоў трыццаці, лена падаўся за імі. Утрох яны паднялі з зямлі Робін Гуда і кінулі на валакушу — дашчаны шчыт на ясеневых палазах. Потым яны ўзяліся за вяроўку, і валакуша заслізгала па невысокай мяккай траве.
Праз паўмілі пачаўся каляіністы, з калдобінамі прасёлак. Валакушу то падкідала ўгору, то шпурляла ў бакі разам з жывым грузам, загорнутым у аленевую шкуру. Робін не зляцеў з валакушы толькі таму, што з абодвух бакоў дашчанага шчыта былі драўляныя стойкі. Яго кідала ў бакі, як бервяно, ён стукаўся аб стойкі, а злосныя каралеўскія леснікі заходзіліся ад рогату — так смешна было ім глядзець на пакуты бездапаможнага палонніка. Шкура высыхала і сціскала яго, як абцугамі. Робін ледзь стрымліваў крык ад болю — сцяў зубы і маўчаў, бо ведаў: стогны толькі парадуюць яго мучыцеляў.
Раптам валакуша перастала падскокваць — спынілася. Галоўны ляснік падскочыў да маладога вяскоўца і аперазаў яго дугой лука па плячах.
— Во шэльма! — закрычаў галоўны ляснік. — Ты цягнеш напаўсілы! Можа, хочаш паказаць нам, ахоўнікам лесу, сваю ўпартую саксонскую натуру? — і на галаву і плечы селяніна пасыпаўся град удараў.
Рука маладога дрывасека пацягнулася да тронак кароткага і шырокага нажа, што быў засунуты ў яго за пояс. Але, пачуўшы трывожны вокліч аднаго са старых сялян, ён адвёў руку і павалок валакушу, як конь, якога агрэлі бізуном.
— Уіл, сынок! — сказаў стары зрывістым ад хвалявання голасам. — Цягні, цягні! He гняві пана галоўнага лесніка.
— Во, во, правільна кажаш, стары, — ухмыльнуўся гвалтаўнік. — Добрая парада. Уілу лепей не гнявіць мяне. Цягні, саксонскі сабака! — і зноў разоў шэсць агрэў лукам свавольніка.
Вочы маладога сакса бліснулі з-пад кудлаў, але, нахіліўшы галаву, нібы ідучы супраць ветру, ён пакорліва і старанна цягнуў валакушу.