Читать «Сказ пра Робін Гуда» онлайн - страница 2

Джон Фінемар

Робін моўчкі зняў з пляча лук, тужэй нацягнуў цеціву і выняў з калчана стралу. Стаў у патрэбную паставу, і леснікі адразу зразумелі: перад імі не абы-які стралок. Магутны лук напяўся і крута выгнуўся пад здзіўлены шэпт гледачоў. I тут Робін паказаў, што ён не толькі дужы і спрытны, але і вытрыманы, бо ў той момант, калі сталёвы наканечнік стралы лёг на дугу лука, галоўны ляснік раптоўна крыкнуў:

— Заклад — твая галава! Падумай добра, хлопец!

Ён сказаў гэта знарок, каб пахіснуць волю Робін Гуда, адцягнуць яго ўвагу якраз у тое імгненне, калі юнак прыцэліўся. Але дарэмна: Робін, здавалася, не пачуў яго слоў — вока зорка глядзела ўздоўж стралы, лоб крыху наморшчыўся, вусны шчыльна сцяліся. I раптам: «Взззз!» — віскнула цеціва, і страла прагула ў паветры, нібы вялізная пчала. Вялікі рагач высока падскочыў і грымнуўся на зямлю — страла ўпілася яму проста ў сэрца.

На нейкі момант леснікі знямелі ад здзіўлення. Такі стрэл! Потым пачулася ўзрушанае мармытанне. Робін спакойна павярнуўся да галоўнага лесніка:

— Кашалёк мой!

Але ляснік усміхнуўся і кпліва сказаў:

— Вось што будзе табе — пакуты і кара за парушэнне лясных законаў. Такі спрытны стралок, як ты, павінен быў ведаць, што пагражае чалавеку, які заб’е аленя ў каралеўскім лесе. Гэта ж быў каралеўскі алень-самец! Загадваю: схапіць яго і звязаць.

Робін Гуд зразумеў, у якую страшэнную небяспеку трапіў праз тое, што так паспешліва згадзіўся страляць у любую цэль, і кінуўся бегчы. Але позна! Двое леснікоў падскочылі да яго і падставілі нагу. Юнак упаў на зямлю, і ўмомант рукі і ногі яго былі звязаны цецівамі.

— Мы схапілі браканьера на месцы злачынства, — зларадна ўхмыльнуўся галоўны ляснік. — Шэрыф ужо не раз дакараў мяне, што ў каралеўскім лесе знішчаюць аленяў, а мы не прыводзім да яго нікога на суд, каб ён мог пакараць злодзея. Затое сёння ён парадуецца!

У Робіна пахаладзела ў грудзях, калі ён пачуў гэтыя словы. Яму знарок падстроілі пастку і цяпер намерваюцца выдаць яго за звычайнага браканьера, каб выслужыцца перад шэрыфам, паказаць, якія яны руплівыя і пільныя даглядчыкі лесу.

Леснікі сустрэлі рашэнне галоўнага лесніка воклічамі адабрэння.

— Правільна! — крыкнуў адзін з іх. — I зробім так, як заслугоўвае гэты шэльма!

— А што ты прапануеш, Губерт? — спытаў галоўны ляснік.

— Давайце захутаем яго ў шкуру аленя і гэтак павязём да шэрыфа.

— Цудоўна! — адобрыў Губерта начальнік. — Злупіце шкуру з аленя і захутайце ў яе нягодніка!

Замільгалі нажы леснікоў, абдзіраючы аленя, і неўзабаве Робін Гуда абгарнулі яшчэ гарачай і слізкай ад тлушчу шкурай і абвязалі запаснымі цецівамі. Толькі галава юнака вытыркалася са шкуры, а тулава хавалася ў бясформенным скрутку пад мяккай плямістай поўсцю, якая толькі што ўкрывала велічнага важака аленяў. Гнеў і пагарда да подлых падманшчыкаў ахапілі Робін Гуда, але што ён мог зрабіць? Яго чакаў горкі лёс. Шэрыф-нарман не дасць і слова вымавіць. Робін Гуд патрэбны яму, каб застрашыць іншых. Перад вачамі юнака паўстала жахлівая карціна: рыначная плошча Нотынгема і ён — у руках ката, які гатовы выканаць суровы прысуд. Калісьці ён бачыў, як каралі аднаго няшчаснага чалавека за такое ж самае злачынства, якое цяпер прыпісвалі яму, і Робін Гуд зноў скалануўся ад жахлівай думкі, што яго чакае страшнае пакаранне. Сляпым, знявечаным жабраком будзе хадзіць ён ад вёскі да вёскі, вымольваючы ў людзей на пражытак, — ён, такі яшчэ малады і дужы. Гэтакі лёс і ўявіць сабе страшна.