Читать «Душа не ў сваім целе» онлайн - страница 4

Ян Баршчэўскі

— Ты не перамяніў сваіх пачуццяў, але, пэўна, скарыстаў розныя адкрыцці гэтага краю, які раней не ведаў; хацеў бы і я штосьці даведацца з гэтых адкрыццяў.

— Якія выгоды я меў тут? Бачыш, які я цяпер? Калі я трапіў у гэты край, то ўпадабаў лагодны клімат, разлогі ўрадлівых ніваў, раскошу расквітнелых садоў, ветлівасць і дабрыню жыхароў. Аднак праз некалькі месяцаў захацелася мне болей пазнаць: я перш-наперш прагнуў пабыць ва Умані, пабачыць пекны Сафіеўскі сад, так услаўлены ў паэзіі Трамбецкага, бо ён у маім уяўленні маляваўся зямным раем; я вандрую, як звычайна, без вялікіх выдаткаў, і напрыканцы траўня пабачыў ужо разлеглыя стэпы Ўкраіны. Знаёмячыся з вуліцамі горада Умані, я згадваў пра тыя страшныя зверствы, якія чыніліся тут у часе нападу гайдамакаў.

Шукаючы сад, я даведаўся ад тамтэйшых жыхароў да яго дарогу і пайшоў туды праз высокую браму прыгожай архітэктуры, заўважыў сажалку, якая з двух бакоў была закрытая гарыстаю мясцовасцю, лясным гушчаром і зіхацела ў цішы, нібы люстра. Паўзіраўшыся на статуі з белага мармуру, што стаяць ля вады, я пайшоў правым бокам далей, любуючыся шторазу новымі краявідамі; прыемна глядзець на расквітнелую ўвесну прыроду, а тым больш, калі яе мастацтвам, стараннем і выдаткамі даводзяць да ідэальнае прыгажосці; там усё ў той час вабіць чалавечае вока. Бачыў высечаныя ў дзікіх, зарослых лесам скалах гроты, бачыў гаманкія крыштальныя воды на імшыстым дзікім каменні, бачыў аграмадны граніт, што ледзь трымаецца на абломках скалы, палохаючы людзей, бачыў у чыстай крыніцы рыбу, якая зіхацела золатам і срэбрам. Там лугі і ўзгоркі ўкрыты прыгожымі кветкамі, у кустах чуваць пошчак салаўёў, бачыў там чароўны палац Псіхеі ды прыгожы востраў багіні Каліпсы; там сустрэнеш усё, што толькі можа стварыць уяўленне паэтаў.

Самотны, блукаў я па зацішках гэтага саду. Дзень быў ясны, і ўсё квітнела, нібы ў раі, толькі мае думкі ахапіла скруха. Будучае і мінулае, быццам дзве чорныя хмары, віселі перада мною і за мною, нейкае журботнае прадчуванне ўпляталася ў мае мары; я хацеў бачыць толькі цярноўнік, лічачы, што на адно толькі тое і нарадзіла яго прырода, каб я спыняў на ім свой позірк праз усю пілігрымку майго жыцця.

Сказаўшы гэта, Саматніцкі замоўк, і здавалася, зноў здранцвеў: знерухомела ягоная постаць, і на твары, быццам драўляным, не было аніякага руху. Зянон, не бачачы прыкметаў жыцця, пазіраў на яго з трывогаю; нейкі час яшчэ доўжылася маўчанне, нарэшце, нібы абудзіўшыся з летаргічнага сну, той пачаў зноў апавядаць:

— Быў я далёка, але і там спаткаў ля кветак калючы цярноўнік. Аднак вярнуся да свайго апавядання. Прысеўшы і абапёршыся рукою на дзікую скалу, я аддаўся сваім тужлівым мроям; раптам нейкі жыд з сухім, панурым, змучаным тварам, худы, у доўгай вопратцы, набліжаючыся да мяне, сказаў:

— Я — музыка, без інструмента граю на габоі; падарожнічаў па многіх краінах, і ўсюды маё гранне прымалі з вялікім захапленнем. Можа, пан дазволіць зайграць яму што-небудзь?