Читать «Душа не ў сваім целе» онлайн - страница 5
Ян Баршчэўскі
— Грай, што табе падабаецца, — адказваю.
Ён скрывіў вусны, прыціснуў праваю рукою надзьмутыя грудзі, па твары прабеглі канвульсіўныя дрыжыкі — зайграў нейкі жалобны марш. Слухаючы гэтую журботную музыку і гледзячы на канвульсіі твару і на ягоныя грудзі, я не мог заставацца абыякавым: аддзячыў як мог і папрасіў, каб не граў болей, не падрываў сваё здароўе; ён узяў плату, аднак зірнуў на мяне так, быццам быў пакрыўджаны.
— Ты ведаеш лепш за мяне гэты сад, — кажу, — ці ёсць тут кусты цярноўніку?
— Навошта шукаць кусты цярноўніку, — адказвае, — глянь уверх, над галавою расце велізарнае дрэва.
Я ўзняў вочы ўверх і ўбачыў высокую акацыю з вялікімі вострымі калючкамі; я хацеў яму нешта сказаць, але ўжо музыкі каля мяне не было.
Нейкі час я яшчэ блукаў па садзе, забіраўся ў цёмныя гроты, узіраўся ў струмені вады, у дзікія граніты, у мармуровыя статуі; нечакана пачало цямнець, зашумеў вецер у гушчары дубоў; убачыўшы на небе хмары, я паспяшаўся вярнуцца ў горад.
Зяноне, людзі рознымі шляхамі ідуць да Вечнасці, але пра ўсё, што бачылі і перажылі на гэтай зямлі, пра свае забавы, мары, пра шчаслівыя ды нешчаслівыя сны, якія мроіліся ім у падарожжы таго жыцця, яны расказваюць наступным пакаленням.
Заснавальнік Сафіеўскага саду, валодаючы велізарнымі маёнткамі, мільёнамі лічачы свае скарбы, не ведаючы пакутаў жабрацтва, не думаючы ні пра што іншае, як толькі пра прыемныя забавы, хацеў гэты сад з яго крышталёвымі водамі і квяцістымі далінамі зрабіць пенатамі грэцкіх багіняў; і гэта сталася сярод разлеглых стэпаў Украіны, дзе раней воку не было за што зачапіцца.
Ёсць за некалькі міляў ад Умані і за некалькі вёрстаў ад мястэчка Тэпліка яшчэ адзін сад — Гайнароўскі, як назвалі яго тутэйшыя жыхары. Заснавальнік гэтага саду, пан Гайнар, пасяліўшыся ва ўкраінскіх стэпах, інакш глядзеў на свет. Ідучы праз панурую пустыню жыцця, не марыў ён ні пра залаты век, ні пра рай на зямлі, не збіраўся нікога здзівіць чароўным краявідам, не дбаў пра славу; іншыя ў яго былі думкі, іншая мэта.
Вандруючы там і чуючы няраз жарты, розныя меркаванні і дзіўныя апавяданні пра той сад, я наважыў паглядзець усё ўласнымі вачыма, пазнаёміцца з гаспадаром і зразумець ягоныя думкі.
Сярод стэпу відаць каля вады высокія дрэвы адзінокага хутара; наблізіўшыся да гэтае мясціны, я не заўважыў аніякае агароджы, не спаткаў аніводнага чалавека, нават сабака не абазваўся каля самотнае хаціны, а ў цяні садовых дрэваў паўсюль панавала ціша, толькі часам шумелі кранутыя ветрам галіны. Ля самага ўваходу, у вішняку я заўважыў некалькі пчаліных калод, каля іх адпачываў у засені дрэваў нейкі чалавек, побач на траве сядзеў хлопец: заўважыўшы мяне, ён адразу ж разбудзіў гаспадара. Быў той ужо ў гадах, апрануты ў белую палатняную вопратку, худы, твар шчуплы, смуглы; з-пад густых броваў праніклівым вокам ён пазіраў на мяне; падышоўшы да яго, я папрасіў дазволу агледзець сад і пазнаёміцца з мясцовасцю.
— Мой сад, — сказаў ён, — нагадвае дзікі лясны гушчар, тут аніводзін краявід не прывабіць вока.
— Наследаванне прыродзе, — адказаў я, — больш слаўны занятак, чым усялякія вытанчаныя аздобы.