Читать «Душа не ў сваім целе» онлайн - страница 3
Ян Баршчэўскі
Усе моўчкі пазіралі на маркотную, нябачаную дагэтуль постаць. Маўчанне парушыў Мікола:
— Ратуючы іншых ад смерці, ты сам трапіў у большае няшчасце, чым смерць.
— Ніхто з іх не вінаваты, што я так пакутую.
— Я калісьці ў Вільні ведаў Саматніцкага, — сказаў Зянон. — Можа, ты маеш там кузена?
— Гэта я сам, але не такі, якім быў колісь.
— Ці даўно жывеш у гэтым краі?
— Ужо некалькі гадоў; і туды, дзе быў, не вярнуся: цяпер ніхто мяне там не пазнае. І яна не пазнае, — не паверыць, не пашкадуе, смяяцца будзе, як з вар'ята.
— Шмат розных выпрабаванняў было ў тваім жыцці?
— Даследчык шукае таямніцы, бяда шукае даследчыка. Зяноне, калі верыш, што я той самы, якога ты знаў колісь у Вільні, прыйдзі заўтра ў маю хаціну — у мяне ёсць пра што расказаць і пра што прасіць. Бывайце. Думайце пра мяне, як вам заманецца.
Пасля ягонага адыходу госці ў задуменні пазіралі адзін на аднаго, не разумеючы, што гэта значыць: з гаворкі здаецца ён тым самым Саматніцкім, знешнасць жа зусім іншая.
— Бачыце, суседзі? — прамовіў Мікола. — Як вам гэты госць? Усё спраўджваецца, аб чым я вам нядаўна казаў: твар, вусны, нос, вочы, валасы і ўсё тое, што мае гэтае цела, — не ягонае ўласнае, але ён той самы Саматніцкі, бо і сам сябе так назваў і тое, што я казаў, пацвердзіў.
— Але здаецца, — сказаў Мацей, — што яго не прынялі на тым свеце, дык мусіў зноў вярнуцца на зямлю, бо ён нібы нябожчык. Няма ў ім жыцця.
— Дзіўны госць, — сказаў гаспадар. — Я не затрымліваў яго, бо, кажучы шчыра, ягоны прыход, быццам з таго свету, выклікаў у мяне нейкае незразумелае пачуццё.
Увесь той вечар суседзі гаманілі пра Саматніцкага.
* * *
Дзень быў восеньскі, неба хмурнае, шумелі дрэвы над счарнелым дахам хутара, вецер падымаў у паветра жоўтую лістоту. Саматніцкі нерухома сядзеў ля акна, нібы драўляны ідал. Зянон зайшоў у хату, спыніўся і доўга глядзеў на гаспадара, нарэшце, каб абудзіць яго, госць папытаўся голасна:
— Як маешся, пане Саматніцкі?
І той раптоўна, нібы сон адагнаўшы, ускочыў з месца і прамовіў:
— Дзякуй, што мяне наведаў. Я не прывітаў такога добрага госця, бо быў у гэты час вельмі далёка.
— Пэўна, дзесьці ў далёкай мінуласці, прыемна сяды-тады той край думкаю адведаць.
— Праўда, тут горш, але там, дзе быў, мінулае і сучаснасць заўсёды аднастайныя: Адэля са спакойным тварам, з мілаю ўсмешкаю бавіцца ў сябрыне вясёлых гасцей — гэты расказвае ёй, што чуў, той — шту прачытаў, які новы твор выйшаў з друку, пра знакамітых пісьменнікаў, пра літаратурную славу, як круціцца то сюды, то туды Кола Фартуны, шту дзеецца ў вялікім свеце. І ніхто там пра мяне не ўспомніў, і Адэля, размаўляючы то з гэтым, то з тым, пра мяне — ні слоўца.
— Гэта звычайная рэч: час сцірае надпісы на цвёрдым мармуры, а людскую памяць лёгкі ветрык развее, малая хмарка заслоніць.
— І я гэтага хацеў, ды лічыў, што ў далёкіх краях новыя мясціны, маляўнічыя краявіды ды выпрабаванні зменяць мае думкі і жаданні: пабываў у стэпах, бачыў цуды, узіраўся ў таямніцы прыроды, — аднак хмары і стэпавыя вятры не развеялі, не засланілі маіх успамінаў.