Читать «Душа не ў сваім целе» онлайн - страница 2
Ян Баршчэўскі
Цуднаўскі мешчанін, адзін з маіх знаёмых, расказаў мне пра такое дзіўнае здарэнне. Ягоная жонка раптоўна адчула моцны боль у сярэдзіне, і зараз жа з'явіліся ўсе прыкметы тае страшнае хваробы; дык ён паспяшаўся да нашага цудоўнага лекара прасіць дапамогі. Калі ён прыбег на хутар, то аслупянеў, уражаны незразумелым відовішчам: на панадворку перад самаю брамаю ўбачыў Саматніцкага; той выглядаў нябожчыкам: рукі і ногі былі не падуладныя яму, вочы адкрытыя, твар бледны; мёртвае цела, адарваўшыся ад зямлі, рухалася, і здавалася, што нейкая нябачная сіла кідала гэты труп ва ўсе бакі. Мешчанін хацеў ужо ўцякаць адтуль, але пачуў голас: «Пачакай хвіліну, спачатку трэба, каб ты маё цела намазаў лекамі і выратаваў ад пошасці, тады буду гатовы ісці з табою». Праз колькі хвілінаў цела стала на ногі, здаровы Саматніцкі аправіў на сабе вопратку і сказаў: «Ну, цяпер пойдзем, ведаю, чаго ты прыйшоў: жонка твая ачуняе». І сапраўды, таемнымі сваімі лекамі ён выратаваў яе за пару гадзін.
А вось якім чынам гэты дзіўны лекар, што засцерагаў сябе і ратаваў іншых, трапіў у вялікае няшчасце. Пэўнага дня, калі ён, маючы намер ісці да хворых, намазваў сваё цела, каб засцерагчыся ад пошасці, адна асоба, якую ён моцна кахаў, недзе ў далёкім краі цяжка захварэла на халеру. Саматніцкі гэта ўбачыў, бо кажуць, што душа, калі яе не абцяжарвае цела, далёка бачыць і чуе. Быў ён вельмі ўзрушаны, і нават забыўся, што з целам ягоным можа здарыцца няшчасце, калі не схаваць яго ў зацішным кутку. Пакінуўшы цела ля брамы хутара, паляцеў, каб як хутчэй паспець з таемнымі лекамі. Пасля выратавання мілае яму асобы і вяртання дахаты, ён ужо не ўбачыў свайго цела, якое людзі знайшлі ды пахавалі, лічачы, што ён памёр ад пошасці. Няшчасны Саматніцкі без цела быў нябачны, нікому не мог і слова сказаць, бо, чуючы ягоны голас, усе жагналіся ад страху, мяркуючы, што здань з імі размаўляе. Не маючы мажлівасці даведацца пра сваё цела, ён блукаў доўгі час незаўважаным, нарэшце знайшоў на дарозе нейкі труп, з якога толькі што душа вылецела, прымусіў сваімі таемнымі лекамі цыркуляваць кроў, улез у чужое цела, вярнуўся на свой хутар і цяпер жыве там самотна: ніхто яго не пазнае, усе лічаць яго нябожчыкам.
— Лепш бы зрабіў, — прамовіў гаспадар, — калі б ужо адышоў назаўсёды на той свет, чым блукаць па зямлі ў чужым целе.
— Хоча ці не хоча, — сказаў Мікола, — аднак мусіць пакутаваць на зямлі і чакаць, пакуль праб'е гадзіна, прызначаная Богам.
Калі яны так размаўлялі, адчыніліся раптам дзверы, і ўвайшоў незнаёмы: твар цёмны, пануры, зусім бяскроўны, аніякага пачуцця на ім, нос тонкі, пакрыты сухою скураю, вусны без колеру, вочы без выразу, і, здаецца, імгла нейкая іх ахутала. З плячэй незнаёмца спадаў сурдут, ахінаючы яго схудалае цела.
— Так, пане Мікола, — пачаў ён працяглым і манатонным голасам, — я той самы Саматніцкі, пра якога ты толькі што казаў. Чужое цела — цяжар мне на гэтым свеце, не варта яно маіх клопатаў, але вочы душы далёка бачаць і вушы далёка чуюць: ведаю, пра што ты цяпер гаварыў; дзякуй, што пра мяне ўспамінаў; чалавек у маім стане не сустрэне на зямлі ні знаёмых, ні сяброў.