Читать «Душа не ў сваім целе» онлайн - страница 6

Ян Баршчэўскі

— Пра іх я зусім не думаў, у мяне іншыя намеры.

— Значна больш можа быць карысці ад таго, што абвесціць Вышэйшая думка і Вышэйшае імкненне, чым наследаванне чаго-небудзь. Я, упершыню наведаўшы гэты край, хацеў бы запомніць тое, што не сустрэнеш у іншых мясцінах.

— У іншых мясцінах — іншыя патрэбы ў жыхароў; дык я буду тлумачом маіх думак, бо не разумеючы іх, людзі рознае мяркуюць і дамышляюць. Ды тут вельмі вузкія і стромкія сцежкі, я пайду паперадзе, буду правадніком.

Я ішоў за ім у засені асінаў; вузкая сцяжынка, нібы ў лабірынце, вілася перад намі, з абодвух бакоў былі глыбокія канавы і ямы, берагі якіх зараслі густымі кустамі лазы і густою высокаю травою; у асобных мясцінах была відаць пакрытая зялёнаю цвіллю вада, а ў іншых, зацененых густымі галінамі, велізарныя п'яўкі снавалі сюды-туды; нейкая імгла вісела над панурай і дзікаю прастораю; у паветры была надзвычайная вільгаць, быццам пасля нечаканага дажджу, хоць дзень быў спякотны.

— Праца ці прырода, — запытаўся я, — надалі гэтым мясцінам такі пануры ды дзікі выгляд? І якія могуць быць з гэтага выгоды?

— Глянь на неабсяжныя стэпы Ўкраіны і шырокія засеяныя нівы — тут урадлівая і шчодрая зямля, але ад клімату часта бывае недарод. У гэтых мясцінах пануюць вятры і незвычайная гарачыня, сонца выпальвае не толькі пасевы, але і травы ў нізкіх ярах, ды так, што няма пашы, і ўлетку жывёла без корму і вады. Я працаваў шмат гадоў, капаючы гэтыя ямы і канавы, саджаючы дрэвы і кусты, каб затрымаць вільгаць; і ўжо шмат зрабіў, вада з майго саду, разліваючыся далей, забяспечвае патрэбы ваколіцы і мястэчка Тэпліка. Чалавек, які нязменна ідзе да мэты, не толькі зямлю, але і атмасферу можа змяніць; гэтая вільготная імгла, якую ты бачыш зараз у маім панурым садзе, збірае дажджавыя хмары з усходу і захаду ды поіць вільгаццю сасмяглыя стэпы: глядзі, і цяпер над нашымі галовамі скупчыліся цёмныя воблакі і не рушацца з месца; удалечыні відаць яснае сонца, а мы тут — у засені.

Так апавядаючы пра свае думкі і намеры, ён вёў мяне ўсё далей і далей вузкімі сцежкамі ў дзікім лабірынце; там, дзе шырокая канава адмяжоўвала гэтыя мясціны ад стэпу, я заўважыў нейкі лёх, што вёў пад зямлю, уваход у яго быў прыкрыты густымі кустамі.

«Навошта патрэбна гэтае цёмнае падзямелле?» — спытаў я. «Тут, — адказаў пан Гайнар, — лёх і падземны пераход з аднаго месца ў іншае; яны служаць не толькі дзеля ахалоджвання паветра ды збірання вільгаці, але і іншая. Ды няхай таго ніколі не будзе. Ты чытаў пра страшэнныя зверствы Гонты і Жалезняка, ведаеш пра напады ягоных гайдамакаў, якія лілі кроў па ўсёй Украіне; у выпадку такіх нападаў лабірынт і таемныя лёхі ў маім садзе могуць служыць схованкаю для няшчасных жыхароў. Але гэта толькі пры нагодзе; хадзем далей, пакажу яшчэ, зробленае мною».

Мы выйшлі на больш адкрытую мясцовасць у другой частцы саду, спыніліся каля квадратнае сажалкі, што мела ў шырыню і даўжыню блізу дзесяці сажняў, а празрыстая вада была цёмна-жоўтага колеру, накшталт задымленага тапазу; тут я ўбачыў кусты нейкіх раслін, з вельмі цёмнай зелянінай.