Читать «Дом без гаспадара» онлайн - страница 9
Генрых Бёль
Калі Карл і маці, патушыўшы святло, падсаджваліся да радыёпрыёмніка, Генрых паварочваўся да іх спінай і глядзеў на здымак бацькі. Бацька быў зняты ў форме фельдфебеля танкавых войск незадоўга перад смерцю. У доме гаспадарылі розныя дзядзькі, але фотаздымак бацькі працягваў вісець на сцяне. I ўсё ж, нават адвярнуўшыся, ён чуў шэпт Карла, хоць і не разбіраў асобных слоў, і чуў хіхіканне маці. З-за гэтага хіхікання ён часам ненавідзеў маці.
А пасля ў маці з Карлам была сварка з-за нейкай малазразумелай справы, якая называлася «ён». «Мне ён ні да чаго»,— увесь час гаварыла маці. «А мне да чаго»,— гаварыў Карл. Толькі пасля Генрых зразумеў, што азначала «ён». У хуткім часе маці трапіла ў бальніцу, і Карл быў вельмі засмучаны і сярдзіты, але абмежаваўся тым, што сказаў яму: «Ты тут ні пры чым».
Прапахлыя супам бальнічныя калідоры, мноства жанчын у вялікай зале, маці, жаўтавата-бледная, але з усмешкай, хоць ёй было «так балюча, так балюча».
Карл змрочна стаяў каля яе ложка: «Між намі ўсё скончана, калі ты «яго» ...»
Загадкавы «ён»! I Карл пайшоў яшчэ да таго, як маці выпісалася з бальніцы. Генрых заставаўся пяць дзён пад наглядам суседкі, якая адразу ж зноў пачала адпраўляць яго на чорны рынак. Паўсюль былі ўжо новыя людзі і новыя цэны, і нікога больш не цікавіла, абдурваюць Генрыха ці не. Бількхагер, у якога ён заўсёды купляў хлеб, сядзеў у турме, сівы татуля, які гандляваў табакай і ласункамі, таксама трапіў у турму, яго схапілі на месцы злачынства, калі ён спрабаваў забіць каня на ўласным двары. Усё памянялася, стала даражэйшым і горшым. I Генрых узрадаваўся, калі з бальніцы вярнулася мама, таму што суседка з ранку да вечара расказвала яму пра тое, як яна схуднела і якая яна раней была пышная, або расказвала пра ўсялякае смакоцце. Казачныя ўспаміны пра шакалад і мяса, пра пудынгі і смятанку ўшчэнт збівалі з панталыку, бо ён не меў аніякага ўяўлення пра гэтыя ласункі.
Маці зрабілася ціхай, задумлівай, але значна больш ласкавай, чым раней. Яна паступіла на працу на кухню, дзе гатаваліся супы для служачых магістратуры. Цяпер яны штодзень атрымлівалі па тры літры супу, а тое, што не з’ядалі самі, выменьвалі на хлеб або табаку. Вечарамі маці сядзела каля радыёпрыёмніка разам з ім, ціхая, задумлівая, курыла, ад яе толькі і можна было пачуць: «Усе мужчыны — баязліўцы».