Читать «Дом без гаспадара» онлайн - страница 8

Генрых Бёль

Генрыху споўнілася тады пяць з паловай гадоў, і ён нямала зрабіў, каб пракарміць сябе і маці, выконваючы на чорным рынку ўсялякія даручэнні шматлікіх насельнікаў дома. Прыгожанькі хлапчук, падобны на бацьку, кожны дзень у дванаццаць ішоў з дому, узброены грашамі і выдатнай памяццю, і здабываў тое, што можна было раздабыць,— хлеб, табаку, цыгарэты, каву, салодкія ласункі, а часам нават такія раскошныя рэчы, як маргарын, масла, электрычныя лямпачкі. Калі была патрэба рабіць вялікія пакупкі, ён быў для суседзяў правадніком, таму што ведаў, хто чым гандлюе на чорным рынку, і ўвогуле ведаў там кожнага сабаку. Сярод спекулянтаў ён карыстаўся недатыкальнасцю, і кожны, каго выкрывалі ў спробе падмануць малога, падпадаў пад бязлітасны байкот і вымушаны быў пачынаць гандаль недзе ў іншым месцы.

Не па гадах кемлівы, хлапчук набываў на рынку не толькі хлеб надзённы, ён набыў і фенаменальную здольнасць да вуснага ліку. Здольнасць гэтая выручала яго ў школе колькі гадоў запар. Толькі ў трэцім класе яны пачалі праходзіць прыклады, якія ён рашаў на практыцы задоўга да школы.

Колькі каштуюць дзве васьмушкі кавы, калі вядома, што кілаграм каштуе трыццаць дзве маркі?

Рашэння такіх задач патрабавала ад яго само жыццё, таму што выпадалі вельмі кепскія месяцы, калі ён купляў хлеб па пяцьдзесят або па сто грамаў, табаку — яшчэ меншымі дозамі, каву на лоты — маленечкія порцыі, а гэта патрабуе немалога спрыту ў абыходжанні з дробамі, калі не хочаш, каб цябе абдурылі.

Герт знік раптоўна. А ягоныя пахі засталіся ў памяці — вільготны алебастр, «Віргінія», смажаная на маргарыне бульба з цыбуляй; а яшчэ ў спадчыну ад Герта засталося слова дзярмо, якое назаўсёды ўвайшло ў лексікон маці, і, нарэшце, адна каштоўная рэч — мужчынскі наручны гадзіннік. Пасля раптоўнага знікнення Герта маці плакала, чаго не было пасля расстання з Эрыхам, а хутка аб’явіўся новы дзядзька з імем Карл. Карл пачаў патрабаваць, каб яго звалі татам, хоць ён не меў на гэта аніякага права. Карл служыў у магістратуры і хадзіў не ў старым кіцелі, як Герт, а ў сапраўдным гарнітуры, і Карл абвясціў гучным голасам пачатак «новага жыцця».

«Карл — новае жыццё» — так і запомніўся ён Генрыху, таму што гэтыя словы Карл паўтараў па дваццаць разоў на дзень. Пахам Карла быў пах супоў, якія адпускаліся служачым магістратуры на льготных падставах; супы, як бы яны ні называліся, тлустыя яны былі або салодкія, без розніцы, ад усіх супоў пахла тэрмасам і дастаткам. Карл штодня прыносіў у старым салдацкім бачку палову сваёй порцыі, бывала, і больш, калі падыходзіла яго чарга атрымліваць дадатковую порцыю. Зразумець прычыну гэтай ільготы Генрых так і не змог. З чым бы ні быў суп згатаваны — з салодкімі клёцкамі або з бычыным хвастом,— усё роўна ён патыхаў тэрмасам, і ўсё роўна ён быў цудоўны. Для бачка пашылі брызентавы чахольчык, а ручку абвязалі суровымі ніткамі, Карл не мог вазіць бачок у партфелі, таму што ў трамваі заўсёды вельмі піхаліся, суп расплёхваўся і запэцкваў партфель. Карл быў дабрадушны і непатрабавальны, але яго з’яўленне мела і непрыемныя наступствы, таму што хоць ён і быў непатрабавальны, аднак строгі і катэгарычна забараніў Генрыху ўсялякія паходы на чорны рынак. «Як дзяржаўны служачы я не магу дазволіць... не кажучы ўжо, што гэта падрывае маральныя ўстоі і народную гаспадарку». Строгасць Карла прыпадала на цяжкі 1947 год. Мізэрныя пайкі, калі іх толькі можна было ўвогуле назваць пайкамі,— і Карлавы супы ніякім чынам не параўнаць было з колішнімі заробкамі Генрыха. Генрых спаў у адным пакоі з маці і Карлам — гэтак жа, як спаў ён у адным пакоі з маці і дзядзькам Гертам, з маці і дзядзькам Эрыхам.