Читать «Дом без гаспадара» онлайн - страница 10
Генрых Бёль
Памерла суседка — змрочная, кашчавая, заўсёды галодная істота. Яна бясконца расказвала, што перад вайной важыла амаль сем пудоў. «Вось паглядзі на мяне, добра паглядзі і ўяві сабе, што я важыла да вайны больш сямі пудоў, ува мне было роўна дзвесце трыццаць чатыры фунты. А паглядзі на мяне зараз — ува мне засталося толькі сто сорак чатыры». Колькі гэта пудоў? Сем пудоў выклікаюць уяўленне мяшкоў з бульбай, мукой, брыкетамі вугалю; сем пудоў уваходзіла ў маленькую тачку, якую ён часта браў, калі ішоў красці брыкеты на пуцях,— халодныя ночы, свіст таго, хто пільнаваў,— ён узбіраўся на семафорную мачту, каб падаць сігнал, калі з’явіцца паліцэйскі. Тачка атрымлівалася вельмі цяжкай, калі яе нагружалі даверху, а суседка, выходзіць, важыла яшчэ больш.
I вось цяпер яна памерла: на магільны грудок наклалі астры, праспявалі Dies irae, dies illa , i калі родныя забралі мэблю, на прыступках засталася фотакартка — вялікая рудая фотакартка, на ёй суседка перад домам з надпісам: «Віла Элізабет». Ззаду — вінаграднік, грот з порыстага каменю, у якім фаянсавыя гномы коцяць цацачныя тачкі; наперадзе, бялявая і тоўстая, стаіць суседка, а з верхняга акна выглядвае мужчына з люлькаю ў роце, і праз увесь франтон — надпіс: «Віла Элізабет». Уласна, так і павінна быць — бо яе звалі Элізабет.
У вызвалены пакой уехаў мужчына, яго звалі Леа, ён быў кандуктарам у сіняй форменнай фуражцы з чырвоным кантам, на плячах мноства рамянёў, шмат рыпучай скуры і ўсё тое, што Леа называў сваёй «збруяй» — сумка для грошай і драўляная скрыначка, у якую ўстаўляліся катушкі з білетамі, губка ў алюмініевым футлярчыку і кампосцерныя шчыпцы. Непрыемным быў твар Леа — чырвоны, чыста ўмыты; непрыемным было ніколі не выключанае радыё і песні, якія ён высвістваў. Жанчыны ў кандуктарскай форме танцавалі і спявалі ў ягоным пакоі.
— За ваша здароўе! — толькі і чуваць было адтуль.
Жанчына, якая некалі важыла амаль сем пудоў і ад якой засталася фотакартка «Віла Элізабет», была ва ўсякім выпадку ціхая. А Леа быў шумным. Ён зрабіўся галоўным спажыўцом супу і разлічваўся за яго цыгарэтамі па тарыфе, які ён сам вызначыў; асабліва добра плаціў Леа за салодкія супы.
Аднойчы ўвечары, калі Леа прынёс табаку і атрымаў за гэта суп, ён раптам паставіў каструлю зноў на стол, з усмешкай паглядзеў на маці і сказаў:
— Хочаце паглядзець, як цяпер танцуюць? Вам, уласна, даводзілася танцаваць апошнім часам?
I Леа пусціўся ў нейкія неймаверныя скокі, ён высока падкідаў ногі, узмахваў рукамі і пры гэтым дзіка падвываў. Маці рассмяялася і адказала:
— Не, я даўно ўжо не танцавала.
— А трэба было б,— сказаў Леа.— Хадзіце сюды!
I, напяваючы нейкі матыўчык, ён узяў маці за руку, сцягнуў яе з крэсла і затанцаваў з ёй — і твар маці адразу змяніўся: яна раптам заўсміхалася, заўсміхалася і адразу зрабілася намнога маладзейшай.