Читать «Дом без гаспадара» онлайн - страница 7

Генрых Бёль

Пасля, калі трывога закончылася, да іх аднекуль здаля данёсся роў сірэны: гэтак да звяроў у лясной гушчэчы даносяцца галасы паляўнічых. Дом абрушыўся. Руіны злавесна прыглушылі гук, і маці Брылаха, якая заставалася ў падвале адна з чатырнаццацігадовай павітухай, пачула крыкі астатніх,— яны спрабавалі вылезці наверх праз завалены праход.

— Як цябе завуць? — спытала яна ў дзяўчынкі: ёй ніколі раней не даводзілася з ёй сустракацца.

— Генрыета Шадэль,— адказала дзяўчынка і выцягнула з кішэні непачаты кавалак зелянькавага мыла.

Тады фрау Брылах сказала:

— Дай мне панюхаць.

I яна нюхала мыла і плакала ад шчасця, а дзяўчынка тым часам загортвала дзіця ў коўдру.

У яе заставалася толькі сумачка з грашамі і прадуктовымі карткамі, брудны ручнік, падсунуты ёй пад галаву невядомым дабрадзеем, і некалькі фотаздымкаў мужа: на адным ён быў зняты яшчэ да арміі, у спяцоўцы слесара, выглядаў вельмі мала дым і ўсміхаўся, а на другім ён быў ужо яфрэйтарам танкавых войскаў і таксама ўсміхаўся, на трэцім — унтэрам з жалезным крыжам другой ступені і баявымі адзнакамі, і зноў-такі ўсміхаўся, і самы апошні — яна атрымала яго толькі на мінулым тыдні,— дзе ён ужо фельдфебель з двума крыжамі і ўсё з той жа ўсмешкай.

Праз дзесяць дзён пасля родаў яе ўціснулі ў цягнік, які павёз яе на ўсход; праз два месяцы, у саксонскай вёсачцы, яна даведалася, што муж загінуў.

У васемнаццаць гадоў яна выйшла замуж за бравага яфрэйтара, чыё цела парахнее цяпер дзесьці паміж Запарожжам і Днепрапятроўскам. I вось на дваццаць другім годзе жыцця яна стала ўдавою. Яна мае трохмесячнае дзіця, два ручнікі, дзве каструлькі, трошкі грошай, і яна вельмі прыгожая.

Хлопчык, якога па бацьку ахрысцілі Генрыхам, падрастаў з цвёрдым перакананнем, што каля маці заўсёды павінен быць нейкі дзядзька.

У першыя яго гады такім дзядзькам аказаўся Эрых, які насіў рудую форму. Эрых належаў да загадкавай катэгорыі дзядзькаў і да не менш загадкавай катэгорыі нацы. I з той і з другой катэгорыяй было ўсё не зусім зразумела. Генрых адчуў гэта яшчэ чатырохгадовым хлапчуком, але зразумець, у чым справа, канешне, не мог. Дзядзька Эрых меў хваробу, якая называлася астма: стогны ўначы, крактанне і жаласны крык: «Няма чым дыхаць!»—насоўкі, змочаныя воцатам, і пах камфары, і настоі з нейкім дзіўным водарам. Дадому разам з імі перакачавала з Саксоніі рэч, якая некалі належала Эрыху,— запальнічка. Эрых застаўся ў Саксоніі, а запальнічка перакачавала з імі, і пах Эрыха захаваўся назаўсёды ў памяці.

Потым з’явіўся новы дзядзька, ад якога ў памяці застаўся пах амерыканскіх цыгарэт і вільготнага алебастру ды яшчэ пах распушчанага на патэльні маргарыну і смажанай бульбы. Звалі яго Герт, і быў ён не такім далёкім і незразумелым, як той, якога звалі Эрых і які застаўся ў Саксоніі. Герт працаваў абліцоўшчыкам, і слова «абліцоўшчык» было неаддзельным ад паху вільготнага алебастру, вільготнага цэменту. I яшчэ з Гертам было звязана іншае слова, якое ён паўтараў на кожным кроку і якое, пасля таго як ён сышоў, захавалася ў лексіконе маці,— слова дзярмо. Гэта такое слова, якое маці чамусьці можна гаварыць, а дзецям вельмі строга забараняецца. I яшчэ Герт пакінуў на памяць, акрамя пахаў і гэтага слова,— наручны гадзіннік, які ён падарыў маці, мужчынскі наручны гадзіннік на васемнаццаці камянях — нейкае зусім незразумелае вызначэнне якасці гадзінніка.