Читать «Дом без гаспадара» онлайн - страница 184

Генрых Бёль

— Глядзі, хутчэй! — захваляваўся Марцін.— Гэта рэклама бабулінай фабрыкі!

Але Генрых не адказаў, хоць і не спаў.

Унізе раптам зарыдала мама, а дзядзька Альберт гучна вылаяўся: «Паскуднікі! Якія ж яны паскуднікі!»

Гул матораў аддаляўся ў напрамку Брэрніхскага замка, і хутка зноў настала цішыня.

Марцін чуў толькі, як плача ўнізе мама, ды час ад часу дзынкаюць шклянкі. Генрых усё яшчэ не спаў, але ён зацята маўчаў, і гэта палохала Марціна. Генрых дыхаў часта і глыбока, быццам быў нечым усхваляваны, а каля яго роўна і ціха дыхала ў сне Вільма.

Марцін паспрабаваў заснуць — прамільгнулі ў думках каўбой Хапелонг Кесідзі і качаня Дональд Дак, але яму раптам зрабілася сорамна думаць пра такую драбязу. Успомніліся словы малітвы: Калі ты, Божа, не даруеш нам грахі нашыя, то хто ж тады застанецца праведным? I адразу ж са змроку выплыла першае пытанне катэхізіса: Навошта прыйшлі мы ў свет гэты? «Каб служыць Госпаду, палюбіць Яго і ўзнесціся ў царствіе нябеснае»,— машынальна прашаптаў ён. «Але служыць Госпаду, узлюбіць яго і ўзнесціся ў царствіе нябеснае» гэта яшчэ не ўсё, гэтага мала! Завучаны адказ на страшнае пытанне здаўся яму раптам мізэрным, і ўпершыню ўсвядомленае сумненне ахапіла яго.

Нешта пайшло з ягонага жыцця назаўсёды,— ён толькі не разумеў, што гэта было. Яму захацелася заплакаць гэтак жа моцна, як плакала на верандзе мама. Але Марцін стрымаў слёзы; ён быў упэўнены, што Генрых усё яшчэ не спіць і думае пра сваю маму, пра кандытара, пра тое слова, якое яго мама сказала кандытару.

Але Генрых думаў зусім пра іншае — ён думаў пра надзею, якая асвяціла на імгненне твар яго маці. Гэта доўжылася адно толькі імгненне, але ён ведаў цяпер, што адно імгненне можа ўсё змяніць.

1

Нямецкі фунт роўны пяцістам грамам.

2

Пісаў Рафаэль (лад.).

3

Вечавая плошча ў старадаўніх германцаў.