Читать «Дом без гаспадара» онлайн - страница 5

Генрых Бёль

Добрая яшчэ песня пра даліну журбы: «Вітаю цябе, зорка ў зеніце». I ад слова «зеніт» таксама ўсё зелянела. У нейкі момант ён усё ж засынаў, дзесь паміж спевам фрау Барусяк і словам, якое маці Брылаха сказала кандытару,— гэта слова дзядзькі Леа,— слова, якое маці прасіпела скрозь зубы ў цёплым, з пахам здобы падвале пякарні, слова, значэнне якога яму растлумачыў Брылах: гэтае слова пра сужыцельства мужчын і жанчын, якое мае дачыненне да шостай запаведзі, распуснае слова, і адразу на памяць прыходзіць верш, які яго вельмі займае: «Калі ты, Гасподзь, не даруеш нам грахі нашыя, хто тады застанецца праведным?» А можа, сон прыходзіў да яго, калі ён успамінаў пра Хапелонга Кесідзі — хвацкага каўбоя з зухаватымі прыгодамі, трошкі дурнаватага, як усе госці, якіх маці прыводзіла ў дом.

Так ці інакш, але чуць дыханне маці было прыемна: яе ложак часта пуставаў, бывала, некалькі начэй запар, і тады ў пярэдняй бабуля дакорліва шаптала:

— Дзе ты толькі швэндаешся?

Маці не адказвала. Ранішняе абуджэнне таксама таіла ў сабе пэўную небяспеку. Калі Альберт будзіў яго, ужо апрануты ў чыстую кашулю з гальштукам, усё праходзіла ўдала: яны ладзілі тады ў пакоі Альберта сапраўднае снеданне і нікуды не спяшаліся і не хваляваліся, і можна было яшчэ раз прагледзець разам з Альбертам хатнія заданні. Але калі Альберт быў яшчэ ў піжаме, непрычасаны, з пакамечаным тварам, тады прыходзілася ў спешцы глытаць гарачую каву і тэрмінова пісаць запіску: «Глыбокапаважаны пан Biмар, прашу вас прабачыць мне за тое, што хлопчык сёння зноў спазніўся. Яго маці паехала, а я забыўся пабудзіць яго своечасова. Яшчэ раз прашу прабачэння. З абсалютнай пашанай».

Кепска было, калі маці прыводзіла гасцей: неспакойны сон у ложку Альберта, дурнаваты смех, што даносіўся з мамінага пакоя; Альберт у такія ночы падчас і зусім не лажыўся і толькі паміж пяццю і шасцю прымаў ванну: шум вады, плёскат, а ён засынаў зноў, і калі Альберт будзіў яго, адчуваў сябе бясконца стомленым і разбітым. На ўроках ён тады кляваў носам, а пасля ўрокаў у якасці ўзнагароды яго вадзілі ў кіно і куплялі марожанае або бралі да маці Альберта, у Бітэнхан — «Лясную браму». Там сажалка, дзе Глум голымі рукамі ловіць рыбу і зноў кідае яе ў ваду, там пакой над кароўнікам, там можна гадзінамі ганяць у футбол з Альбертам і Брылахам на ўтаптаным, выкашаным лужку, пакуль не выгаладаешся і не захочаш пакаштаваць хлеба, які маці Альберта пячэ сама, а дзядзька Віль заўсёды прыгаворвае: «Намажце паболей масла». Пахітае галавой: «Паболей масла». Зноў пахітае: «Яшчэ больш». I Брылах, заўсёды такі няўсмешлівы, смяецца там ад усяго сэрца.

Было шмат станцый на шляху, ён мог заснуць на любым перагоне: Бітэнхан і бацька, Блондзі і распусна. Прыглушанае гудзенне вентылятара азначала, што ўсё добра: маці дома. Шалясценне старонак, дыханне маці, чырканне запалкі і ціхі, шпаркі глыток, калі яна падносіць да вуснаў шклянку з віном,— і незразумелы рух паветра, хоць вентылятар даўно ўжо выключаны: гэта дым цягнецца да вентылятара, і Марціна незаўважна агортваў сон — дзесь паміж Гезелерам і «Калі ты, Гасподзь, не даруеш нам грахі нашыя».