Читать «Дом без гаспадара» онлайн - страница 12

Генрых Бёль

Дзядзька Віль амаль у шэсць разоў старэйшы за яго, і ўсё ж побач з Вілем ён здаваўся сабе старым і вопытным, мудрым і стомленым. I ён прымаў дружбу Віля, як прымаюць дружбу маленькага дзіцяці, як ён прымаў пяшчоту сваёй маленькай, хутка падрастаючай сястрычкі. Ён няньчыўся з ёй, даваў ёй бутэлечку, падаграваў кашу, таму што з дванаццаці маці ішла на працу, а Леа катэгарычна адмаўляўся глядзець за дзіцем. «Я вам не нянька!» Пасля Генрых навучыўся нават купаць Вільму, садзіць яе на гаршчок і браў з сабой, калі хадзіў за пакупкамі або калі хадзіў сустракаць маму пасля работы.

Альберт, дзядзька Марціна, нічым не быў падобны на Віля, гэта быў чалавек, які ведаў кошт грошай, чалавек, які, хоць сам і не меў у грашах патрэбы, ведаў, як страшна, калі даражэе хлеб і скача цана на маргарын; так, гэта быў дзядзька, якога і ён хацеў бы мець: не дзядзька-сужыцель і не дзядзька Віль, які прыдатны хіба толькі на тое, каб пагуляць з ім ці прагуляцца. Віль нядрэнны чалавек, але размаўляць з ім цяжка, а з Альбертам можна, хоць у Альберта і водзяцца грошы.

Ён ахвотна хадзіў туды па розных прычынах: галоўным чынам з-за дзядзькі Альберта і з-за Марціна, зразумела. Ва ўсім, што тычылася грошай, Марцін ніколькі не адрозніваўся ад дзядзькі Віля. I бабуля яму падабалася, хоць яна i была дзівакаватая. I з-за футбола ён туды хадзіў, і з-за ласункаў з халадзільніка, а яшчэ яму падабалася, што там можна, пакінуўшы Вільму недзе ў садзе, у калясцы, ганяць гадзінамі ў футбол і не бачыць дзядзьку Леа.

Затое страшна было бачыць, як там абыходзяцца з грашамі: яму там ні ў чым не адмаўлялі, і ўсе ставілся да яго вельмі ласкава, але ў Генрыха было цьмянае прадчуванне, што аднойчы гэта ўсё кепска скончыцца, і не толькі з-за грошай. Існавалі рэчы, якія не мелі ніякіх адносін да грошай, напрыклад розніца паміж дзядзькам Леа і дзядзькам Альбертам, розніца паміж тым, як жахнуўся Марцін, калі пачуў слова, сказанае кандытару, і тым, як сам ён, Генрых, толькі крыху спалохаўся, калі ўпершыню пачуў, як мама вымавіла слова, якое раней ён чуў толькі ад Леа і ад нейкай ягонай кандуктаркі. Слова гэтае здалося яму агідным, ён не любіў яго, але ніколі не жахаўся так, як жахнуўся Марцін. Усе гэтыя адрозненні толькі часткова залежалі ад грошай, і разбіраўся ў гэтым толькі дзядзька Альберт, які выдатна разумеў, што не павінен занадта добра адносіцца да яго, Генрыха.

3

Ужо на працягу некалькіх хвілін яна адчувала на сабе нейчы пільны позірк, позірк чалавека, што прывык да перамог і не сумняваецца ў поспеху. Можна глядзець па-рознаму: яна часам адчувала скіраваныя на яе ззаду молячыя вочы нясмелага паклонніка. Але гэты, сённяшні, упэўнены ў сабе — позірк без ценю меланхоліі; цэлыя паўхвіліны яна спрабавала ўявіць сабе, які ён — элегантны брунет трохі хлышчаватага выгляду; магчыма, ён нават пабіўся аб заклад — стаўлю дзесяць супраць аднаго, што я за тры тыдні паладжу з ёй.