Читать «Дом без гаспадара» онлайн - страница 13

Генрых Бёль

Яна вельмі стамілася, і ёй не надта цяжка было ігнараваць незнаёмага паклонніка, яна радавалася таму, што можа правесці канец тыдня з Альбертам і хлопчыкам у маці Альберта. Надыходзіць восень, і ў рэстаранчыку наўрад ці будзе шмат народу. Нават проста слухаць Альберта, калі ён разважае з Вілем і Глумам пра розныя віды прыманкі, адно задавальненне; акрамя таго, яна возьме з сабой кнігі і пачытае, пакуль дзеці будуць гуляць у футбол, а магчыма, яна паддасца на ўгаворы і пойдзе разам з Глумам лавіць рыбу і будзе рахмана выслухоўваць тлумачэнні пра нажыўку і насадку і пра розныя віды вудзільнаў і пра вялікую, нават больш чым вялікую, цярплівасць. Яна ўсё яшчэ адчувала на сабе гэты позірк і разам з тым зноў зведала ўсыпляльнае ўздзеянне голасу Шурбігеля: паўсюль, дзе толькі можна было сказаць прамову на якую-небудзь інтэлектуальную тэму, Шурбігель неадкладна гаварыў яе. Яна ненавідзела Шурбігеля і цяпер раскайвалася ў бязглуздай ветлівасці, што змусіла яе прыняць запрашэнне. Было б значна лепш пайсці з Марцінам у кіно, пасля паесці марожанага і, прыхлёбваючы каву, прагледзець вячэрнюю газету, пакуль Марцін забаўляецца, выбіраючы пласцінкі, якія ветліва падае яму афіцыянтка. А цяпер яе ўжо заўважыў нехта са знаёмых — і наперадзе зноў згублены вечар; прыхапкам падрыхтаваныя бутэрброды, адкаркаваныя бутэлькі, кава («Можа, вам лепей чаю?»), цыгарэты і раптоўна атупелы твар Альберта — такім ён робіцца, калі павінен займаць яе гасцей і расказваць ім пра яе мужа.

Занадта позна. Зараз выступае Шурбігель, затым патэр Віліброрд пачне прадстаўляць ёй розных людзей, з’явіцца і той незнаёмы паклоннік, чый позірк, быццам святло ад лямпы, падае на яе патыліцу. Лепш за ўсё прыснуць — так ва ўсякім выпадку ўрвеш хоць крышку для сну.

Яна вечна рабіла тое, чаго не хацела, і зусім не з-за пыхі, зусім не дзеля таго, каб надаць папулярнасці свайму загінуўшаму мужу, і зусім не дзеля жадання пазнаёміцца з цікавымі людзьмі. Гэта было пачуццё, якое зведваеш, адпраўляючыся ўплаў, і яна дазваляла заводзіць сябе туды, дзе амаль усё было пазбаўлена сэнсу — глядзець урыўкі з кепскіх фільмаў, бязладныя, пагана знятыя сцэны з удзелам пасрэдных акцёраў і неважнецкім асвятленнем, і марыць. Яна з усяе сілы змагалася з дрымотай, нават выпрасталася і пачала слухаць Шурбігеля, чаго ўжо даўным-даўно не рабіла. Позірк, неадступна скіраваны на яе, стамляў. Не азірацца патрабавала напругі, а паварочвацца яна не хацела, таму што, не гледзячы, ведала, такі тып людзей. Гэтыя інтэлігентныя бабнікі наводзілі на яе жах. Усё іх, падпарадкаванае рэфлексам і пачуццю непаўнацэннасці, жыццё праходзіць з аглядкай на літаратурныя прыклады, і густы іх вагаюцца паміж Сартрам і Кладэлем. Яны мараць пра нумар у гатэлі, такі ж, які яны бачаць у кіно, на самых позніх сеансах, у фільмах з цьмяным асвятленнем і вытанчаным дыялогам, у фільмах «не багатых на падзеі, але захапляльных» і ў суправаджэнні экзістэнцыянальных гукаў аргана: бледны мужчына нахіліўся над бледнай жанчынай, а цыгарэта — які цудоўны кадр! — ахінае начны столік вялізнымі кольцамі дыму — «Мы робім кепска, але мы не ў стане дзейнічаць іначай». Выключаюць святло, і ў густым змроку чырванее толькі агеньчык цыгарэты на начным століку,— экран згасае, а тым часам здараецца непазбежнае.