Читать «Дом без гаспадара» онлайн - страница 14

Генрых Бёль

Чым больш такіх паклоннікаў з’яўлялася ў яе, тым больш яна кахала свайго мужа, і за дзесяць гадоў, хоць ёй шмат што прыпісвалі, яна ні разу не спала ні з адным мужчынам. Рай быў іншым, і комплексы ягоныя былі такімі ж сапраўднымі, як і яго наіўнасць.

Цяпер яе паступова закалыхваў голас Шурбігеля, і на нейкі момант яна забылася пра назойлівы, упёрты ёй у патыліцу позірк незнаёмца.

Шурбігель быў высокі і грузны, і ступень меланхоліі на яго твары ўзрастала ад даклада да даклада, а ён прачытаў іх нямала. I з кожным дакладам ён рабіўся ўсё больш прадстаўнічым, больш грузным. Нэлі заўседы здавалася, што перад ёй надзвычай эрудыраваны, надзвычай маркотны і раздзьмуты паветраны шар, які павялічваецца не па днях, а па гадзінах і які раптам лопне, і нічога ад яго не застанецца, акрамя прыгаршчаў канцэнтраванай маркоты з дурным пахам.

I тэма яго была спецыфічна шурбігелеўская — «Адносіны творчай асобы да царквы і да дзяржавы ў наш тэхнічны век». I голас у яго быў прыемны: алейна-разумны, крыху перарывісты ад патаемнай чуллівасці, напоўнены бясконцай маркотай. Яму сорак тры гады, у яго шмат прыхільнікаў і амаль няма ворагаў, але тым не менш гэтым ворагам удалося выцягнуць на свет божы з нетраў заняпалай універсітэцкай бібліятэкі недзе ў Сярэдняй Германіі доктарскую дысертацыю Шурбігеля, а дысертацыя была напісана ў 1934 годзе і называлася: «Вобраз фюрэра ў сучаснай лірыцы». Таму кожнае сваё выступленне Шурбігель пачынаў цяпер крытычнымі заўвагамі з прычыны публіцыстычнай нядобрасумленнасці некаторых крыклівых юнакоў, сектанствуючых песімістаў, самабічавальных ерэтыкоў, няздольных зразумець паступальнае развіццё духоўна сталай асобы. Але ў зносінах з непрыяцелямі ён быў сама ветлівасць і ўжываў супраць іх зброю, якая даводзіла іх да шаленства, бо яны былі бездапаможныя супраць яго: Шурбігель дараваў ворагам сваім, ён усё ім дараваў. Яго жэстыкуляцыі падчас выступлення нагадвалі манеры паслужлівага цырульніка, які завіхаецца толькі на карысць кліенту. Выступаючы, ён як бы прыкладваў сваім уяўным сябрам і ўяўным нядобразычліўцам гарачыя кампрэсы, ён націраў іх супакойваючымі і духмянымі эсенцыямі, ён масіраваў ім шчокі, ён абмахваў іх, ён асвяжаў іх, затым доўга і грунтоўна намыльваў надзвычай духмяным і надзвычай дарагім мылам,— а яго алейны голас выказваў надзвычай разумныя думкі. Шурбігель быў песімістам, але не безнадзейным. Такія словы, як «эліта», «катакомбы», «расчараванне», быццам бакены, калыхаліся ў магутнай плыні яго прамоў; ён даваў наведвальнікам свайго салона процьму нязведанай дагэтуль асалоды; лёгкі дотык, цёплыя кампрэсы, халодныя кампрэсы, масаж; ён быццам рабіў для сваіх слухачоў усе паслугі, што пералічаны ў прэйскуранце цырульні першага разраду.