Читать «Абеліск» онлайн - страница 7

Васіль Быкаў

— Перш чым што гаварыць, трэба падумаць, таварыш Ткачук.

— Я думаю, што кажу.

— Вось іменна.

— Ну, хопіць! Цімох Цітавіч! Хопіць ужо, — з настойлівай лагодай загаманіла яго маладая суседка. — Вы з'ешце каўбаскі. Гэта хатняя. У горадзе ж, мусіць, няма такой. А то вы не ясцё зусім…

Але Ткачук, відаць, не хацеў есці і, сцяўшы маршчыністыя пашчэнкі, толькі скрыгаў зубамі-пратэзамі. Пасля ўзяў недапітую шклянку гарэлкі і залпам выпіў усю да дна. Нясвежыя счырванелыя вочы яго пагрозліва схаваліся над брывамі.

За сталамі стала цішэй, усе моўчкі памалу закусвалі, некаторыя курылі. Я павярнуўся да суседа справа — маладога хлопца ў зялёным світэры, — настаўніка ці якога спецыяліста з калгаса.

— Не ведаеце, хто гэта? — кіўнуў я ў бок Ткачука.

— Цімох Цітавіч. Былы тутэйшы настаўнік.

— А цяпер?

— Цяпер на пенсіі. У горадзе жыве.

Я сеў раўней і ўважліва прыгледзеўся да майго гняўлівага суседа. Не, у горадзе я, здаецца, яго не бачыў, можа ён нядаўна пераехаў адкуль. А Ткачук, ужо абыякавы да ўсяго тут, нерухома сядзеў, адваліўшыся ў крэсла, глядзеў кудысь на клятчасты бераг абруса.

— З горада? — раптам запытаў ён, мабыць, заўважыўшы маю да яго ўвагу.

— З горада.

— Чым прыехаў?

— Папутнай.

— Свае няма?

— Пакуль не.

— Ну, піце, памінайце, я пайду.

— А вы чым едзеце?

— Чым-небудзь. Не першы раз.

— Тады і я з вамі,— чамусьці рашыў я. Заставацца тут, здаецца, не мела ўжо сэнсу.

Цяпер дык мне цяжка і сказаць, чаму я пайшоў з гэтым чалавекам, чаму, столькі дабіраючыся да Сяльца, так хутка і ахвотна развітваўся з гэтаю школай. Вядома, найперш таму, што спазніўся. Таго, дзеля каторага я выпраўляўся сюды, ужо не было, а іншыя людзі за гэтымі сталамі мяне мала цікавілі. Але і мой новы спадарожнік у той час зусім не здаўся мне ні цікавым, ні тым болей прывабным. Хутчэй наадварот. Я бачыў у ім добра ўжо падпітага, напэўна, прывярэдлівага пенсіянера; ад ягоных слоў пра свае першынство над нябожчыкам нясло звычайнаю старэчай пахвальбой, заўсёды не дужа прыемнай. Нават калі ён і казаў праўду.

Тым не менш з невыразным адчуваннем палёгкі я ўстаў з-за стала і выйшаў з хаты. Ткачук быў грузнаваты, камлюкаваты чалавек у гамашах і шэрым паношаным гарнітуры з дзвюма ордэнскімі планкамі на грудзях. Здаецца, ён добра выпіў, хоць, зрэшты, у гэтым не было нічога дзіўнага — перажыў на пахаванні, трохі панерваваўся ў спрэчцы з маладым самаўпэўненым загадчыкам, прычыну якой я так і не ўцяміў. Але, відаць было па ўсім, ён не на жарт раззлаваўся і цяпер ішоў перада мной па сцежцы, усім сваім выглядам сведчачы пра сваю злосць і зацятасць.

Так моўчкі мы мінулі палац і прайшлі алею. Ткачук усё маўчаў. Не даходзячы шашы, прапусцілі на ей грузавік, здаецца, пусты і ў бок горада. Можна было б крыкнуць і трохі падбегчы, але мой спадарожнік нават не прыспешыў кроку, ну і я не праявіў асаблівага клопату за нашу дарогу. Ля слупка з аўтобусным знакам нікога не было, шаша ў абодва канцы ляжала да бляску наглянцаваная за дзень і пустая.