Читать «Абеліск» онлайн - страница 5
Васіль Быкаў
— Хварэў?! Ён усё жыццё хварэў. Ды рабіў. Ну і дарабіўся да ручкі-крышкі. Пойдзем ды вып'ем во, пакуль ёсць такая магчымасць.
У старым, як і палац, атынкованым знадворку флігелі-доме за парадзелымі кустамі бэзу ў гародчыку, сярод якіх сакавіта і свежа рдзела абсыпаная гронкамі рабіна, чулася прыглушаная гамана многіх людзей, якая давала знаць, што самае важнае і апошняе тут ужо скончана. Ішлі памінкі. Нізкія вокны асеўшай долу дамоўкі былі насцеж расчынены, з-за фіранкі віднелася нечая ў белай нейлонавай сарочцы спіна ды льняная капешка высокай жаночай прычоскі. Ля ганка стаялі і курылі двое няголеных у рабочым адзенні дзядзькоў. Яны стрымана гаварылі аб чымсь, пасля змоўклі, перанялі ў нас скрынку і панеслі яе ў дом. Мы праз калідорчык пайшлі за імі.
У невялікім пакоі, з якога цяпер было вынесена ўсё, што можна вынесці, стаялі ссунутыя ўпрытык сталы з рэштаю пітва і закусі. Два дзесяткі расчырванелых людзей за імі займаліся, аднак, хто чым, а найбольш размовамі і курывам — цыгарэтны дым вітымі космамі цягнуўся ў вокны. Было відаць, што вячэра ідзе не першую гадзіну, і я зразумеў, што паспеў на разбор шапак — не болей. Знаў бы — не ехаў. Такое спазнелае з'яўленне ў гэтай справе — горш чым адсутнасць і можа быць лёгка вытлумачана не ў маю карысць. Ну, але не брацца ж за шапку, калі ўжо прыехаў.
— Сядайце, во тут і месцейка, — проста запрасіла ціхмяная з выгляду жанчына ў цёмнай касынцы, не пытаючыся, хто я і чаго прыйшоў,— мабыць, такое з'яўленне тут было цяпер справай звычайнай. Я паслухмяна сеў на нізкаватую пры высокім стале табурэтку, стараючыся як найменш звяртаць на сябе ўвагу. Але збоч нехта ўжо паварочваў да мяне свой азызлы, немалады, узмакрэлы ад поту твар.
— Спазніўся? — проста запытаў чалавек. — Што ж… Няма болей нашага ІІаўліка. I ўжо не будзе. Вып'ем таварыш.
Ён сунуў мне ў рукі яўна ўжо пітую, са слядамі нечых пальцаў шклянку гарэлкі, сам узяў са стала другую.
— Давай, брат. Каб яму там пухам зямля.
— Што ж, хай будзе пухам.
Мы выпілі. Нечым відэльцам я накалоў у талерцы скрылёк салёнага гурка, сусед няслушнымі пальцамі ўзяўся вылушчваць з пакамечанага пачка „Прымы“, мабыць, апошнюю там сігарэту. У гэты час ціхмяная жанчына паставіла на стол некалькі новых бутэлек прынесенай намі „Маскоўскай“. Ахвочыя мужчынскія рукі рашуча ўзяліся разліваць яе па шклянках.
— Ціха! Таварышы, ціха, — праз гаману пачуўся аднекуль з нярэдняга кута не надта цвярозы ўжо голае. — Тутхочуць сказаць.
— Ксяндзоў, загадчык райана, — густа дыхнуўшы цыгарэтным дымам, прагудзеў над вухам сусед, — Што ён можа сказаць? Што ён ведае?
У дальнім канцы стала ўстаў з месца малады яшчэ чалавек са звыклай начальніцкай упэўненасцю на цвёрдым валявым твары, важна падняў шклянку з гарэлкай.
— Тут ужо гаварылі пра нашага дарагога Паўла Іванавіча. Добры быў камуніст, перадавы настаўнік. Актыўны абшчэсцвеннік. I наогул… Адным словам, жыць бы яму ды жыць.
— Жыў бы, каб не вайна, — уставіў хуткі жаночы голас, мабыць, настаўніцы з выгляду, што сядзела поруч з ім у імпартным бэжавым гарнітуры. Прамоўца спыніўся, нібы збіты з панталыку гэтаю рэплікай. Гаварыць яму, мяркуючы па ўсім, было трудна, нязвыкла на такую тэму, ён з натугай падбіраў словы — мусіць, проста не было патрэбных для такога выпадку слоў.