Читать «Абеліск» онлайн - страница 6
Васіль Быкаў
— Да, каб не вайна, — урэшце пагадзіўся прамоўца. — Каб не навязаная нямецкім фашызмам вайна, каторая прынесла нашему народу бясчысленыя ахвяры. Цяпер, праз дваццаць год пасля таго, як залечаны раны вайны, адноўлена наша разбураная вайной гаспадарка і савецкі народ дабіўся выдатных поспехаў ва ўсіх галінах народнай гаспадаркі, а таксама культуры, навукі і асветы і асабліва поспехаў у галіне…
— Пры чым тут поспехі! — раптам грукнула ля самага майго вуха, і адпітая бутэлька на стале з лязгатам упала на талерку ад вінегрэту. — Пры чым поспехі? Мы пахавалі чалавека!
Прамоўца з нядобрасцю змоўк, а ўсё застолле насцярожана, амаль са спалохам начало азірацца на майго суседа. Немаладыя вочы таго на счырванелым і хваравіта спатнелым твары ўвачавідкі наліваліся гневам, вялікі, перавіты набраклымі венамі кулак пагрозліва ляжаў на абрусе. Загадчык райана зважліва змоўчаў хвіліну і спакойна, з годнасцю сказаў, нібы школьніку:
— Таварыш Ткачук, вядзіце сябе прыстойна.
— Ціха, ціха. Ну што вы! — заклапочана схілілася дасуседа маладая жанчына, што сядзела з другога ад яго боку. Але Ткачук зусім не хацеў сядзець ціха, а грузна і медзведзявата ўстаў за сталом.
— Гэта вам трэба прыстойна. Што вы тут вярзеце пра поспехі? Чаму вы ні словам не ўспомнілі пра Мароза?
Здаецца, пачынаўся скандал, і я адчуваў сябе не дужа прыемна, асабліва ў такім суседстве. Але я тут быў чалавек старонні і не лічыў сябе ў праве ўмешвацца, некага супакойваць ці за каго заступацца. Аднак загадчыку райана, здаецца, нельга было адмовіць у належнай вытрымцы.
— Мароз тут ні пры чым, — са спакойнай цвёрдасцю парыраваў ён выпад майго суседа.
— Нават вельмі пры чым! — ледзъ не крыкнуў сусед. — Гэта Марозу трэба дзякаваць за Міклашэвіча!
— Міклашэвіч іншая справа, — рэзюмаваў загадчык райана і павярнуўся да іншых. Дык вып'ем, таварышы, за яго памяць і возьмем яго жыццё сабе ў прыклад.
За сталом усчаўся звычайны паслятостны рух, ажыўленне, залязгалі чаркі і шклянкі, сюды-туды захадзілі рукі. Адзін змрочны Ткачук дэманстратыўна адсунуў ад сябе шклянку і апусціўся на крэсла.
— Мне з яго браць прыклад позна. Гэта ён з мяне браў прыклад, калі хочаце ведаць, — ваўкавата кінуў ён у пярэдні кут. Яму аднак ніхто не адказаў. Загадчык райана стараўся болей не заўважаць сварліўца. Тады Ткачук павярнуўся ў мой бок.
— Скажы хоць ты пра Мароза. Хай ведае…
— Пра якога Мароза? — не разумеў я.
— Што, і ты не ведаеш Мароза? I не чуў нават? Дажыліся! Сядзім, п'ём у Сяльцы, і ніхто не ўспомніць Мароза! Каторага павінен тут ведаць кожны вучань… Што так гледзіцё на мяне? — зусім ужо абурыўся ён, злавіўшы на сабе нечы дакорлівы позірк. — Я ведаю, што кажу. Мароз — во хто павінен быць прыкладам для ўсіх нас. Як для Міклашэвіча быў.
У пакоі прыціхлі. Нешта тут адбывалася, чаго я не зусім разумеў, але што, мусіць, выдатна разумелі за тым сталом у куце. Пасля відавочнай хвіліннай няёмкасці ўсё той жа загадчык райана Ксяндзоў сказаў з зайздроснай начальніцкай цвёрдасцю ў голасе: