Читать «Абеліск» онлайн - страница 8

Васіль Быкаў

Мы дайшлі да раздарожжа і спыніліся. Ткачук паглядзеў у адзін бок шашы, у другі і сеў, дзе стаяў, спусціўшы ногі ў неглыбокую сухую канаву. Гаварыць са мной ён не хацеў, гэта было пэўна, і каб не назаляць яму, я адышоўся крыху, пазіраючы на дарогу. Неўзабаве з-за павароткі ў гайку паказалася легкавушка, прыватніцкі „Масквіч“ з гарбатым, нагрувашчаным трантамі верхам, — абдаўшы нас пахам бензіну, пакаціў далей. У тым жа канцы шашы, які цяпер асабліва цікавіў нас, было абсалютна пуста. Над недалёкім лесам заходзіла ў хмарку вечаровае сонца. Яго нізкія разложыстыя промні сляпілі вочы, але ўглядацца туды, мабыць, і не мела вялікага сэнсу — машын там не было. Губляючы цікавасць да дарогі, я па-над канавай падаўся да помніка.

Гэта быў прысадзісты бетонны абеліск за штакетнаю абгародкай, проста і без лішняй выдумкі змайстраваны рукамі нейкіх мясцовых умельцаў. Выглядаў ён болей чым сціпла, калі не сказаць бедна, цяпер нават у вёсках ставяць куды прыгажэйшыя помнікі. Праўда, пры ўсёй яго несамавітасці не было ў ім і знаку закінутасці, хутчэй наадварот. Колькі я яго памятаў, заўжды ён выглядаў старанна прыбраным і дагледжаным: у доле было чыста падмецена, насыпана свежым пясочкам, а на невялічкай, абкладзенай цаглянымі ражкамі клумбачцы сціпла і прыгожа стракацела штосьці з запозненай кветкавай драбнаты. Гэты трохі вышэйшы за чалавечы рост абеліск за якіх дзесяць год ужо некалькі разоў мяняў свой колер: быў то беласнежны, белены перад святамі вапнаю, то зялёны, над колер салдацкіх прыладаў і зброі; аднойчы праездам па гэтай шашы я бачыў яго зіхотка-срэбным, як крыло рэактыўнага лайнера. Цяпер жа ён быў проста шэры, і, мусіць, з усіх іншых колераў гэты найболей ішоў да яго аздобы.

Абеліск мяняў сваё аблічча, нязменнай заставалася толькі чорная металічная шыльдачка на баку з пяццю на ёй імёнамі. Я іх ведаў на памяць, чуў пра іх вядомы ў нашай мясцовасці подзвіг у часе Айчыннай вайны. Але цяпер тут з'явілася і новае імя — Мароз А. I., якое было не дужа зграбна выведзена над іншымі белаю фарбай, і я трохі здзівіўся, убачыўшы яго тут.

На дарозе ў напрамку ад горада зноў з'явілася ад павароткі машына, на гэты раз самазвал, ён даволі шпарка прамчаў па пустой шашы міма. Узняты ім пыл аднак падняў майго спадарожніка з яго не надта прыдатнага для адпачынку месца. Ткачук выйшаў на асфальт і заклапочана паглядзеў у далячынь дарогі.

— Чорт іх дачакаецца. Давай пойдзем. Нагоніць якая, дык сядзем.

Я быў згодны ісці, тым больш што на двор'е пад вечар і яшчэ палепшала: было цёпла, ціха, ні адзін лісцік на вязах не варухнецца, а глянцаватая стужка пустой шашы так і клікала даць волю нагам. Я перайшоў канаву, і мы з прыемнасцю пакрочылі па асфальце.

— Даўно вы ведалі Міклашэвіча? — запытаў я, проста каб запытаць аб чым-небудзь і парушыць цяжкае маўчанне, якое пачынала ўжо прыгнятаць.

— Знаў? Усё жыццё. На маіх вачах вырас.

— Я дык мала і ведаў яго, — прызнаўся я. — Так, сустракаўся некалькі разоў. Чуў, што неблагі настаўнік, добра дзяцей вучыў.