Читать «Абеліск» онлайн - страница 48
Васіль Быкаў
— Мароза няма. Не стала Міклашэвіча — ён-то разумеў выдатна. Але я застаўся. Дык што ж вы думаеце, я змоўчу? Чорта з два! Пакуль я жывы, я давяду, што такое Мароз! Увяду ў самыя глухія вушы. Чакайце! Во і ён паможа, і другія… Ёсць яшчэ людзі! Я дакажу! Думаеце, стары? Не-е, памыляецеся…
Ён гаварыў нешта яшчэ. Гэта быў яго непадкантрольны парыў, выбух пачуцця, можа, насуперак яго жаданню. Але, не сустрэўшы пярэчання, Ткачук усё ж выдыхся і змоўк. Сціх і адчужана сцяўся ў кутку на сядзенні. Ксяндзоў, мабыць, не чакаў гэтага запалу і таксама змоўк, засяроджана ўзіраючыся на дарогу. Я таксама маўчаў. Мы пад'язджалі к гораду, шафёр развіў добрую хуткасць на пустой уначы дарозе. Асфальтка шалёна бегла пад колы машыны, з віхрам і шалясценнем ірвалася з-пад іх назад, фары лёгка і ярка рассоўвалі змрок. Па баках бясконца мільгалі белыя ў промнях святла слупы, дарожныя знакі, вербы з пабеленымі камлямі. Роўна і дужа вурчаў матор.
На душы было тлумна і прыкра — нядоўгая сутычка з Ксяндзовым нічога для мяне не праясніла і ні ў чым не пераканала. Мне яшчэ трэба было шмат у чым разабрацца. Праўда, пачуццямі я нязменна быў на баку Ткачука і гатовы быў памагчы яму, толькі не ведаў як. Кажуць, збоку відней. Магчыма, гэта і так, можа і сапраўды цяпер за мной слова. Бо Ткачук быў. надта блізка да ўсёй гэтай трагічнай гісторыі, Міклашэвіч стаў яе героем і яе ахвярай. Ксяндзоў, мабыць, даўно і моцна быў у палоне свае прадузятасці, з якой не так лёгка вызваліцца. Магчыма, кожны з іх па-свойму быў правы, але хто правы найбольш, гэтага я не ведаў. Зноў жа, што я тады мог? Хіба напісаць аб тым так, як чуў, як разумеў сам. I вось хай цяпер рашае чытач. Хай разбіраецца. Кожны адпаведна свайму светапогляду, свайму позірку на вайну, на гераізм, на свой абавязак перад сумленнем і перад гісторыяй…