Читать «Абеліск» онлайн - страница 46
Васіль Быкаў
Але мы не прайшлі, мусіць, і палавіны вуліцы, як ззаду з'явілася машына. Шырокія плечы Ткачука засвяціліся ў змроку ад яе далёкіх яшчэ фараў. Неўзабаве два нашы цені стромна пабеглі ўдалячынь па зашарэлым асфальце. Машына хутка набліжалася, пасоўваючы гэтыя цені ўбок і ломячы іх у канаве, на платах, шалёваных сценах і шыферных, бляшаных паддашках дамоў.
— Мо прагаласуем? — сказаў я, беручы ўбок з асфальту.
Ткачук азірнуўся і я ўбачыў яго незадаволены, як бы нават засмучаны твар, на якім нечакана штосьці бліснула пад электрычнай яркасцю промняў. Праўда, ён тут жа спахапіўся і рукой выцер вочы, і мяне працяло новае пачуццё да яго, якое з'явілася ўпершыню за сённяшні вечар. А я, дурань, думаў, што справа толькі ў чырвоным моцным.
Я разгубіўся на момант і не падняў рукі, машына з ветрам прамільгнула поруч, і нас зноў ахінула цемра. На фоне хісткага пука святла, які яна несла перад сабой, стала відаць, што гэта быў «газік». I раптам ён спыніўся, ледзь падаўшыся да краю дарогі, нейкае адчуванне падказала — гэта па нас.
I сапраўды, спераду адтуль пачуўся голас, ён, безумоўна, адносіўся да Ткачука:
— Цімох Цітавіч!
Ткачук прабурчэў нешта, але не набавіў кроку, і я аббег яго, баючыся ўпусціць гэтую нечаканую магчымасць паехаць. Нейкі чалавек вылез з кабіны і, прытрымліваючы адчыненымі дзверцы, сказаў:
— Залазьце ўглыб. Там свабодна.
Я аднак памарудзіў, чакаючы Ткачука, які нетаропка і валюхаста падыходзіў ужо да машыны.
— Што ж вы так запазнелі? — сказаў да яго гаспадар «газіка», і я толькі цяпер пазнаў у ім загадчыка райана Ксяндзова. — А я думаў, даўно ўжо ў горадзе.
— Паспеем у горад, — буркнуў Ткачук.
— Ну дык залазьце, я падвязу. А то аўтобус прайшоў, сёння болей не будзе.
Я ўлез у цёмную прасмярдзелую бензінам сярэдзіну кузава, намацаў лаўку і сеў за нерухомай спіной шафёра. Здалося, Ткачук не адразу рашыўся лезці за мной, але ўрэшце, нязграбна хапаючыся за спінкі сядзенняў, увапхнуўся і ён. Загадчык райана лязгнуў дзверцамі і гукнуў да шафёра:
— Паехалі!
З-за шафёравага пляча было зручна і прыемна пазіраць на пустую чорную стужку шашы, абапал якой ляцелі назад платы, дрэвы, хаты, слупы. Збочылі, прапускаючы нас, хлопец з дзяўчынай. Яна засланіла даланёй вочы, а ён смела і прама глядзеў у яркае святло фар. Вёска канчалася, шаша выходзіла на палявы прастор, які звузіўся поначы да нешырокай стужкі дарогі, абмежаваны з бакоў дзвюма прапыленымі канавамі.
Загадчык райана павярнуўся на паўабарота і сказаў, звяртаючыся да Ткачука:
— Дарма вы там, за сталом, наконт Мароза гэтага. Не прадумана.
— Што не прадумана? — адразу з нядобрасцю напяўся на сядзенні Ткачук, і я зразумеў, што не варта цяпер пачынаць гэтую, мабыць, не лёгкую для абодвух гаворку. Ксяндзоў, аднак, павярнуўся і яшчэ болей — здаецца, у яго быў свой нейкі намер.
— Вы зразумейце мяне правільна. Я нічога не маю супраць Мароза. Тым болей цяпер, калі яго імя, так сказаць, рэабілітавана.