Читать «Абеліск» онлайн - страница 44
Васіль Быкаў
Некалькі секунд ён усё ж урваў для сябе, паліцаі празявалі той самы першы, самы галоўны міг. Але секунды праз тры нехта ўжо бухнуў з вінтоўкі, затым яшчэ. Двое кінуліся ў кусты наўздагон, пачалі біць раз за разам.
Бедны, няшчасны Паўлік! Казаў, ён не адразу і сцяміў, што папалі. Ён толькі здзівіўся ад неразумення, што гэтак пякотна ўдарыла яго ззаду паміж лапатак. I чаго так не ў пару падламаліся ногі. Гэта найбольш яго ўразіла, падумаў: можа спатыкнуўся. Але ўстаць ужо не мог, ды так і выцягнуўся на леташняй калючай траве ў малінніку.
Пасля ўжо расказвалі людзі — чулі, мусіць, ад паліцаяў, бо ніхто болей нічога не бачыў, а тыя, што бачылі, ужо не раскажуць. Даганятыя прывалаклі хлопчыка на дарогу. З-пад кашулі з грудзей лілася кроў, хлопец не варушыўся і быў як мёртвы. Кінулі яго ў гразь і ўзяліся за Мароза, Павалілі, білі нагамі, прыкладамі. Пабілі так, што і Алесь Іванавіч ужо не падняўся. Але на смерць забіць яго было нельга — настаўніка трэба было даставіць жывым. Двое ўзяліся яго цягнуць у мястэчка. I тады Каін падышоў да Паўліка, ботам перавярнуў яго тварам угору, бачыць — мярцвяк. Для пэўнасці яшчэ стукнуў прыкладам па галаве і спіхнуў у канаву з вадой.
Там яго і падабралі ўночы. Кажуць, тая самая бабка, у якой Мароз жыў. I што ёй там трэба было? У прыцемках знайшла, вывалакла на сухое, думала, нежывы і нават рукі на грудзях склала, па-хрысціянску каб. Ды чуе, сэрца нібыта стукае. Ціхенька так, ледзь-ледзь. Ну, бабка ў вёску да суседа, Антона Аднавокага. Той нічога не кажучы запрог падводу, усклаў хлопца ды да бацькі. I тут, скажу табе, бацька аказаўся малайцом, не глядзі, што біў некалі. Прывёз доктара з горада, лячыў, хаваў, сам колькі нацярпеўся, а сына выняньчыў. Апошнім часам на хутары ў далёкай радні хавалі. Уратаваў ад пагібелі.
А тых шасцярых давялі да мястэчка і патрымалі яшчэ дзён пяць. Скатавалі ўсіх — не пазнаць. У нядзелю, якраз на вялікадня, вешалі. На тэлефонным слупе ля пошты прымацавалі перакладзіну — тоўсты такі брус, атрымалася накшталт крыжа, і па трое з кожнага боку. Спярша, вядома, Мароза і Бародзіча. Пасля іншых — то з таго, то з другога боку. Дзеля раўнавагі. Так і стаяла гэта карамысла некалькі дзён. Як знялі — закапалі ў кар'еры за цагельняй. Пасля ўжо, мусіць, у сорак шостым, калі вайна скончылася, перахавалі бліжэй да Сяльца.