Читать «Абеліск» онлайн - страница 45

Васіль Быкаў

З сямёх гэткім вось цудам уцалеў адзін Міклашэвіч. Толькі здароўя так і не было ў чалавека. Малады быў — усё хварэў, пасталеў — хварэў. Прыкінуліся сухоты. Ведама, мала што такая рана ў грудзях, дык яшчэ столькі ў вясновай вадзе праляжаць. Амаль кожны год у бальніцах лячыўся, усе курорты аб'ездзіў. Але што тыя курорты! Калі свайго здароўя няма, дык ніхто ўжо не дасць. Праўда, апошнім часам яму стала лепей, здаецца, няблага сябе адчуваў. Ды во знянацку стукнула. З таго боку, адкуль не чакаў. Сэрца! Пакуль лячылі лёгкія, сэрца і падпала. Як ні ратаваўся ад праклятай, а праз дваццаць год усё ж дагнала. Даканала нашага Паўла Іванавіча.

Во якая, браце, гісторыя.

— Да, невясёлая гісторыя, — сказаў я.

— Невясёлая — што! Гераічная гісторыя, во! А ты думаў?

— Можа быць.

— Не можа быць, а пэўна. Ці ты не згодзен? — утаропіў у мяне позірк Ткачук. Ён нечакана загаварыў гучна, расчырванелы твар яго стаў гняўлівы, як там, у Сяльцы за сталом. Буфетчыца з пагардлівай падазронасцю паглядзела на нас цераз галовы двух падлеткаў з транзістарам, што куплялі там цыгарэты. Тыя таксама азірнуліся. Ткачук заўважыў на сабе чужую ўвагу і нахмурыўся.

— Ладна, пайшлі адсюль.

Мы выйшлі на ганак. Ноч, здаецца, яшчэ пацямнела, ці толькі здалося так пасля светлага. Рыжы лапавухі сабачка дапытлівым позіркам акінуў нашыя твары і асцярожна прынюхаўся да Ткачуковых ботаў. Той спыніўся і з нечаканай для яго ціхай добрасцю загаварыў да сабакі:

— Што, есці? Нічога няма. Няма, брат. Пашукай дзе яшчэ.

I па тым, як ён хістка і грузна сышоў з прыступкаў, таксама як і па яго нечаканай злосці на мяне, я здагадаўся, што ўсё ж, мабыць, ён перабольшваў свае сілы. Не трэба было нам заходзіць у гэтую чайную. Тым болей па такім часе. Цяпер ужо была палова дзесятай, аўтобус, пэўна, даўно прайшоў, чым дабірацца ўначы да горада — было невядома. Але гэты клопат толькі слізгануў паціху ў вяршках свядомасці, ледзь крануўшы яе, — думкамі ж цалкам валодала тое даўняе здарэнне ў Сяльцы, да якога сёння далучыўся і я. Так многа і рознага пераплялося тут у адзін зблытаны клубок узаемаадносін, што цяжка было адразу правільна вызначыць да яго свае ў многім супярэчлівыя адносіны. Тым не менш логіка гэтага здарэння вымушала на нейкую пэўнасць у адносінах да яго прычын і вынікаў, хацелася ўсё абдумаць і дакапацца да ўсіх тонкасцяў, дайсці розумам да іх складанае сутнасці. Што ж да пачуццяў, дык яны незалежна ад розуму былі нагатове прыняць сэнс гэтай гісторыі з усёй яе супярэчлівасцю — мусіць, пачуцці падрыхтаваў за вечар і падначаліў сваім расказам гэты чалавек, мой неспадзяваны сённяшні спадарожнік.

Здаецца, ён зноў закрыўдаваў на мяне і ціха ішоў, як і там, па алеі ў Сяльцы, наперадзе, і я моўчкі цягнуўся ўслед. Мы сышлі з асветленага месца каля чайнай, па чорным гладкім асфальце пайшлі краем вуліцы. Я не ведаў, дзе быў аўтобусны прыпынак і ці можна было яшчэ чакаць якога аўтобуса, але цяпер гэта не здавалася мне важным. Пашанцуе — пад'едзем, а не — дык будзем тупаць да горада, засталося нямнога.