Читать «Абеліск» онлайн - страница 47
Васіль Быкаў
— А яго і не рэпрэсіравалі. Яго проста забылі.
— Ну хай забылі. Забылі, бо іншыя былі справы. А галоўнае, былі большыя, чым ён, героі. Ну на самай справе, — ажывіўся Ксяндзоў,— што ён такое зрабіў? Ці забіў ён хоць аднаго немца?
— Ніводнага.
— Вось бачыце. I гэта яго заступніцтва не зусім ладнае. Я б сказаў, нават бязглуздае.
— Не бязглуздае! — абрэзаў яго Ткачук, і па яго нервовым парывістым голасе я яшчэ болей адчуў, што цяпер гаварыць ім не трэба. Але, відаць, у Ксяндзова таксама нешта накіпела за вечар, і ён хацеў у што б там ні стала пакарыстацца выпадкам і давесці сваё.
— Абсалютна бязглуздае. Што ён — абараніў каго? Пра Міклашэвіча не будзем гаварыць — Міклашэвіч выпадкам застаўся жывы, ён не ў лік. Я сам некалі займаўся гэтаю справай і, ведаеце, не бачу асаблівага подзвігу за гэтым Марозам.
— Шкада, што не бачыце! — зусім ужо варожа адрэзаў Ткачук. — Бо, мусіць, слепаваты! Душэўна слепаваты!
— Гм… Ну хай слепаваты, — паблажліва згадзіўся загадчык райана. — Але ж не я адзін так думаю. Ёсць і другія…
— Сляпыя? Безумоўна! I глухія. Нягледзячы на пасады і рангі. Ад прыроды сляпыя. Во як! Але ж… Вось вы мне скажыце, колькі вам год?
— Ну, трыццаць восем, дапусцім.
— Дапусцім. Значыць, вайну вы па газетах ды па кіно ведаеце. Так? А я яе сваімі рукамі рабіў. Міклашэвіч у яе кіпцюрах пабываў ды во так і не вырваўся. Дык чаму ж вы нас не запытаеце? Мы ж нейкім чынам спецыялісты. А цяпер жа скрозь і ва ўсім спецыялізацыя. Дык мы ж інжынеры вайны. I пра Мароза ў нас спярша запытаць трэба было…
— Што пытаць? Вы ж самі той дакумент падпісалі. Аб палоне Мароза, — загарачыўся і Ксяндзоў.
— Падпісаў, бо дурны быў,— кінуў Ткачук.
— Ось бачыце! — нядобра ўзрадаваўся загадчык райана. Ён сядзеў, павярнуўшыся да нас тварам, імпэт спрэчкі захапляў яго ўсё болей. — Ось бачыце! Самі і напісалі. I правільна зрабілі, бо… Вось цяпер вы мне скажыце: што было б, калі б кожны партызан так зрабіў, як Мароз?
— Што?
— У палон здаўся.
— Дурань! — раўнуў Ткачук. — Бязглузды дурань! Спыніце машыну! Чуеш, спыні машыну! — закрычаў ён да шафёра. — Я не хачу з вамі ехаць.
— Магу і спыніць, — раптам кінуў гаспадар. — Калі нельга без асабістых зняваг.
Шафёр, здаецца, і сапраўды прытармазіў. Ткачук зрабіў спробу ўстаць і ўхапіўся за спіну сядзення. Але гэта было ўжо занадта. Я нават спалохаўся за Ткачука і моцна ўзяў яго за локаць.
— Цімох Цітавіч, пастойце. Навошта так…
— Сапраўды, — сказаў Ксяндзоў і адвярнуўся. — Цяпер не час. Пагаворым у іншым месцы.
— Што ў іншым! Я не хачу з вамі пра гэта гаварыць! Вы чуеце?! Ніколі! Вы глушэц! — Во ён — чалавек. Ён разумее! — кіўнуў Ткачук у мой бок. — Бо ён слухаць умее. Ён хоча разабрацца. А для вас загадзя ўсё ясна. Раз і назаўжды. Але хіба так можна? Жыццё — гэта мільёны сітуацый, мільёны характараў. I мільёны лёсаў. А вы ўсё хочаце ўкласці ў дзве — тры схемы. Каб прасцей! Ды меней турбот. Забіў немца ці не забіў?.. Ён болей зрабіў.
Штосьці ў Ткачуку надарвалася. Захлынаючыся, нібы баючыся не паспець, ён стараўся выкласці гэта сваё набалелае і, мабыць, цяпер самае для яго галоўнае.