Читать «Здрада» онлайн - страница 6

Васіль Быкаў

I хто ён яму быў? Ні радня, ні зямляк — зусім незнаёмы франтавік-хлопец. I цяпер вось Цімошкін — яго намеснік, замковы. Кожнага дня яны поплеч стаялі за тою гарматай, разам гнулі ў акопе галовы ў час бамбёжкі, разам мерзлі на сцюжы, грэючы адзін аднаго сваімі целамі. Шчарбак быў маўклівы, стрыманы, трошкі занадта ўпарты, але справядлівы. I яшчэ ён быў смелы. У Цімошкіна не было і аднаго медаля, а ён ужо меў ордэн Славы і ордэн Чырвонай Зоркі.

Нарэшце кукуруза скончылася, і наводчык першы вылез на ўжо сцямнелы, затуманены снегападам абшар. Шорхат кукурузы сціх, і ў прасторы стала надзвычай насцярожана і чуйна. Снегавая пацяруха ўсё сыпалася, але наперадзе відаць было пустое зімовае поле, і на яго цьмянай роўнядзі яны ўбачылі непадалёк адзінокую постаць. Шпаркай хадой чалавек кіраваў некуды ўздоўж кукурузы, пэўна, у той бок, куды ішлі і яны. Насцярожана прыгледзеўшыся, Шчарбак прыцішана гукнуў:

— Гэй!

Бы спатыкнуўшыся, невядомы адразу спыніўся, азірнуўся, але, пэўна, не заўважыўшы іх, зноў подбегам рушыў сваім кірункам.

— З нашых нехта, — упэўнена сказаў Шчарбак і гучней крыкнуў:

— Гэй, пастой.

Па прысыпаным снегам іржэўніку яны пайшлі да яго, чалавек насцярожана чакаў, тулячы да грудзей скіраваную на іх зброю. Але вось стала відаць яго незавязаная шапка з растапыранымі вушамі — яна канчаткова ўжо ўпэўніла, што гэта не вораг, а свой. Шчарбак, ідучы наперадзе, супакоена закінуў на плячо аўтамат, хлопцы ўглядаліся ў атуленую змрокам постаць. Чалавек, нібы аслупянелы, трывожна чакаў.

— Гэ, то ж зямляк твой, — азірнуўшыся, гукнуў Шчарбак.

Падышоўшы бліжэй, Цімошкін згледзеў, што гэта сапраўды ягоны зямляк, пісар палкавога штаба, сяржант Блішчынскі. Даўно ўжо, мабыць, ад самай дунайскай пераправы яны не бачыліся, хоць і служылі ў адным палку. Праўда, у тым не было вялікага дзіва — розныя былі іхнія справы і іхнія абавязкі, і таму не дужа часта сходзіліся іхнія сцежкі. Адзін, як кажуць, аціраўся пры штабе, а другі з дня ў дзень валокся па палях за пяхотай, толькі і ведаючы, што капаць зямлю ды цягаць гармату.

Блішчынскі яшчэ ваўкавата паўглядаўся ў іх, таксама пазнаў Шчарбака і Цімошкіна і, здаецца, з прыкрасцю за тое, што яны затрымалі яго, сказаў:

— Ну, а я думаў… Давайце хутчэй! А то немцы за кукурузай.

Яны азірнуліся — сапраўды, трэба было асцерагацца, бо да поля бою, дзе ўжо з’явіліся немцы, было зусім недалёка. Пакуль яны тут углядаліся адзін у аднаго, там, за палеткам, дзе засталася іхняя гармата, прагырчала машына і пачуўся нейкі прыглушаны голас. Добра, што затканы снегападам вечар затуляў ужо зімовы прастор.