Читать «Здрада» онлайн - страница 7

Васіль Быкаў

Шчарбак, не спыняючыся, падаўся наперад, і Цімошкін з Блішчынскім пайшлі поруч. Навокал было ветрана і не па-франтавому сцішана, толькі шархацела збоч кукуруза, ды наперадзе, недзе далёка і ледзь чутна раз за разам гахалі выбухі. Пэўна, нямала ўстрывожаны ўсім, што здарылася, Блішчынскі шпарка крочыў, заграбаючы ботамі мяккі снег ды азіраючыся па баках.

— Ну, дачакаліся! Даў немец перцу? Эх вы, ваякі хвалёныя! Артылерыя мне! Дзе ж вашы яшкі? Мабыць, разбегліся куды каторы? I гарматы пакідалі?

Гэта ён казаў пра іх, артылерыстаў, — казаў з непрытоенай пагардай, са здзекам, тонам раздражнёнага вайсковага начальніка, які мае права ўшчуваць падначаленых.

— Няма ўжо каму разбягацца. На агнявой пазакопвалі, — зацяўшы прыкрасць, адказаў Цімошкін. — А ты чаго адстаў?

— Дурань быў — з маёрам Андрэевым валэндаўся. А ён памёр. Вось дакументы зняў, — ён паляпаў па сумцы, якая на доўгай почапцы боўталася ля калень.

Яшчэ адна смерць і тое, што Блішчынскі ўсё ж па-салдацку аднёсся да чалавека, іхняга агульнага начальніка, трохі парушылі ў Цімошкіне халодную насцярожанасць да яго, хлопцу падумалася, што і пісару, відаць, дасталася гора за сённяшні дзень. Падавіўшы ўздых, ён даверліва паведаміў пра сваю бяду:

— А мы гармату пакінулі. Коней пабіла…

— Пакінулі? I не ўзарвалі? — неяк фалыпыва здзівіўся Блішчынскі і, паводзячы туды-сюды худым даўганосым тварам, пакпіў: — А вы забыліся, хлопчыкі, што трыбунал ёсць?

Шчарбак, абыякавы да іхняй размовы, шпарка крочыў наперад, а ў Цімошкіна ад тых слоў Блішчынскага зноў затрымцела ўнутры няпэўная варожасць да яго. Але, здаецца, зямляк яго быў раўнадушны да іх спраў і далей маўчаў, заклапочаны сваёю бядой. Ён сігаў шырока і таропка, і Цімошкін з цягам часу паволі адставаў, бо аслабеў ды і не дужа хацеў ісці побач. Ён ведаў даўно, што людзі яны розныя і наўрад ці магчыма ім зразумець адзін аднаго. Ззаду за яго спіной рупна тупаў нізенькі Здабудзька, прыклад ягонай вінтоўкі на доўгім паску ледзь не кранаўся долу. Стары неўзабаве дагнаў хлопца, і яны пайшлі разам.

Непрыемнае і супярэчлівае пачуццё заварушылася ў растрывожанай і без таго душы Цімошкіна.

Шчарбак і Здабудзька былі ўжо прывычныя яму людзі, хлопец бачыў іх ля сябе ў добрую і благую хвіліну і ведаў, на што кожны з іх здольны. Блішчынскі ж побач з імі быў чалавек выпадковы, характар меў асаблівы, зусім адметны ад іх. I праз гэта, ці, можа, ад яго недарэчнага напамінку пра трыбунал, ці ад чаго іншага ў Цімошкіне затлела прыкрасць, што з’явіўся ён тут у гэты вось трудны час. Не думалася, а адчувалася неяк, што ў такой вялікай бядзе лепей бы ім апынуцца без яго. Яны, усе трое артылерыстаў, былі радавыя, з’яднаныя ранейшаю службай, адною бядой і адным клопатам як найхутчэй выбрацца да сваіх. Блішчынскі ж быў ім чужы.

Праўда, яны з Цімошкіным былі землякі, з дзяцінства вядомыя адзін аднаму хлопцы, хлапчукамі яны выбегалі разам усе вясковыя сцежкі, споўзалі ўсе дзіцячыя схованкі. Але менавіта адтуль, з маленства, і ўзяла пачатак у Цімошкіна яго нелюбоў да гэтага хлопца. Колькі затым у войску ні даводзілася ім сустракацца, Цімошкін ніколі не адчуваў да яго той шчырай і светлай радасці, якая нахлынае пры спатканні з земляком на вайне.