Читать «Здрада» онлайн - страница 4

Васіль Быкаў

— Хто страляў?

— Я.

— Што такое?

— Ат, што яшчэ будзе! — незадаволена буркнуў хлопец, цягнучы да гарматы абярэмак. — Сувязіста даканаў.

— ?

— З трэцяга батальёна. Ляжыць там, канае, жывот распораны, ногі перабітыя.

— Не трэба было, — вырвалася ў Цімошкіна. — Шкада ж чалавека.

Шчарбак давалок сваю ношу, усклаў яе на гармату і абтрос ватоўку.

— Табе шкада? А мне, думаеш, не? Таму і даканаў, што шкада.

З Шчарбаком яны не спрачаліся. Можа, каму і не падабаліся яго ўчынкі, але ўсе ведалі, што калі наводчык надумаў зрабіць так, значыць, у даным выпадку лепей не зробіш. Часта здаралася, што камандзіры лаялі яго за самаўпраўства, але ён заўжды рабіў так, як хацеў, і ніколі ні з кім не раіўся. Такі ўжо быў гэты хлопец.

Абклаўшы кукурузай гармату, Шчарбак пайшоў да снарадных скрынак, дзе ляжаў Кеклідзе, і паклікаў Здабудзьку. Там ён падхапіў пад пахі нерухомае, густа засыпанае снегам цела забітага. Галава таго і полы расшпіленага шыняля, бы прымерзлыя, звіслі долу. Ездавы нерашуча браўся за ногі.

— Ану смялей! — загадаў Шчарбак. Спатыкаючыся аб груды, яны панеслі цяжкае цела Кеклідзе да акопчыка, дзе ляжаў Скварышаў. У гэты час аднекуль з кукурузы мільгануў у неба дрыготкі прамень ліхтарыка. Цімошкін перасцярожліва шыкнуў — хлопцы стаіліся. Стала вельмі трывожна і ціха, толькі навокал густа шапацелі сняжынкі. Праз іх шэпт у кукурузе пачулася ціхае шастанне, хлопцы ўгледзеліся і ўбачылі, як на палявую роўнядзь з палетка выйшла некалькі чалавек. Пярэдні пасвяціў ліхтаром уніз, быццам шукаючы чаго, — сталі відаць полы шыняля, боты. Там недзе была траншэя, і яны, відаць, ішлі па-над ёю, пасвечваючы ў дно, пакуль не аддаліліся ў снегавыя прыцемкі. Пэўна, то былі нямецкія санітары: яны шукалі сваіх параненых.

Шчарбак упаўголаса вылаяўся і ўскочыў з долу. Здабудзька боязна адсунуўся ад Кеклідзе, да якога прытуліўся са страху, і ўжо смялей узяўся за ягоныя ногі. Цімошкін таксама ўстаў, каб зрабіць апошняе, што трэба было мёртваму. Утрох яны паднеслі яго цяжкае цела да ровіка, дзе ляжаў Скварышаў. Шчарбак, абрушваючы ботамі камякі, за рукі апусціў нябожчыка ў чорную яму, Здабудзька ўчапіўся за ногі, а Цімошкін адною рукой прытрымліваў за шырокую шытую дзягу. Нябожчык любіў розныя рамяні, кабуры, партупеі — усё скураное, адмысловае… Цяпер яно ўжо нікому не было патрэбна.

— Гайда, яшчэ таго прынясём, — сказаў Шчарбак, выпростваючыся. — Закапаем разам.

Удвух са Здабудзькам яны некуды пабеглі праз кукурузу і неўзабаве вярнуліся з сувязістам, якога, зморана сапучы, узвалілі на бруствер. То быў здаравенны вусаты салдат, скурчаная рука яго чамусьці не разгіналася і нязграбна тырчала локцем угору, а скрываўлены шынель, пасечаны асколкамі, матляўся рыззём.

Шчарбак зморана сеў ля нябожчыка і, з паўхвіліны адсопваючыся, углядаўся ў мільготкі снегавы прастор. Снег пагусцеў і хутка засыпаў салдатавы вусы, зямлісты няголены твар.

— Закурыць бы, халера! Ды няма.

— У Кеклідзе павінна быць, — сказаў Цімошкін, успомніўшы, як раніцай, яшчэ ў жывога яго, закурвалі хлопцы.