Читать «Здрада» онлайн - страница 8

Васіль Быкаў

З нізкага, аселага на самы дол неба коса сыпаўся снег, студзіў твар сіверны вецер, па-ранейшаму скразным вострым болем торгала нейкая жылка ў хлопцавай прабітай далоні. Блішчынскі, нават не азірнуўшыся на земляка, хутка сігаў, пакуль не дагнаў Шчарбака. Так яны і пайшлі ўдвух — Іван развалістай, ёмкай хадой здаравякі, а Блішчынскі неяк пагойдваючы нагамі, у перашытым на афіцэрскі шынялі, з сумкай на баку. Дужыя і здаровыя, яны перагаворваліся нешта, Блішчынскі, відаць, у чымсьці ўжо пераконваў Шчарбака, паказваючы рукой у бок ад таго кірунку, куды яны ішлі. Цімошкін ведаў, што ён не паспадзяецца на Івана і будзе дамагацца, каб камандаваць самому і навязаць ім сваю волю. Блішчынскі такі быў змалку, заўжды імкнуўся ва ўсім апярэджваць другіх, калі гэта было выгадна яму, і гарнуцца да тых, хто ў чым-небудзь быў мацнейшым за сваіх таварышаў. Цяпер ён хутка вызначыў, што з трох у гэтым полі болей значны Шчарбак, што ён дужэйшы і, можа, смялейшы за іншых, і таму пачаў блізіцца да гэтага маўклівага хлопца. Цімошкіна ж ён ужо не браў пад увагу, бо той хоць і зямляк, але быў слабейшы, маладзейшы, паранены і таму для яго мала што значыў.

Урэшце, боязна азіраючыся назад, паціху абагнаў Цімошкіна і Здабудзька. Хлопец прытаміўся, усё больш адставаў, і крыўда, як боль, ціхенька тачыла яго нутро.

Бывае ж так у жыцці і асабліва, відаць, на вайне, што чужы незнаёмы чалавек можа стаць для цябе радней за роднага, а свой і знаёмы па якой-небудзь прычыне пагубляе ўсе свае прывабныя якасці. Цімошкін вельмі добра засвоіў гэта за гады свайго знаёмства з Блішчынскім і паўгода франтавой дружбы з Іванам. Не, ён не крыўдзіўся цяпер на гэтага хлопца і ніколі не сказаў бы яму аб сваіх турботах, бо ведаў, што Шчарбак ніколі не пакіне ў бядзе, дапаможа, параняць — вынесе. Але цяпер, стомлены, застаўшыся ззаду, ён усё болей адчуваў, як шчыміць унутры неадольная прыкрасць і ўсё таму, што ў спадарожнікі да яго сябра набіваўся гэты Блішчынскі.

Як і пярэднія хлопцы, Цімошкін стараўся сігаць хутчэй і ўсё ж адставаў, а яны, занятыя размовамі, здаецца, не бачылі таго. Праўда, ён разумеў, што ісці трэба хутка, бо калі яны не выберуцца да світання, дык заўтра ім будзе кепска. Аднак ад усведамлення гэтага яму не было лягчэй. Нейкае, не акрэсленае яшчэ, трывожнае прадчуванне падымалася ўнутры ў хлопца, і думалася, што ўсё тое прынёс з сабою гэты вось пісар Блішчынскі.

Часта здараецца на вайне, што гіне самы лепшы, самы смелы і самы таварыскі хлопец, а якога сварліўца, сябелюбца ці злыдня не бярэ ні куля, ні якая хвароба. Так сталася і з яго сябрамі. Шмат іх было — сціплых, цудоўных яго землякоў, з якімі праваявалі яны два партызанскія гады, але вось у блакаду, на парозе запаветнага вызвалення, у некалькі дзён адзін за адным пагінулі яны — найлепшыя яго хлопцы. А Блішчынскі выжыў. Ён таксама ў той час быў з імі ў лесе, і не сказаць, што хаваўся — схавацца там не было як, — проста яму шанцавала. I пасля, калі яны пайшлі ў войска, з іншымі, куды лепшымі і даражэйшымі, яго, можа, назаўжды, разлучыў бязлітасны вайсковы лёс, а з гэтым вось давялося разам трапіць у полк, і цяпер ён рукой падаць — побач.